Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/02/19/682468_682475/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 03:32
19.02.2014 20:48 Эканоміка

Рыхтуецца праект указа прэзідэнта аб будаўніцтве новага завода гідрамеханічных перадач для МЗКТ і іншых прадпрыемстваў

Мінск, 19 лютага. З серыйнай вытворчасцю прадпрыемства, ходам рэалізацыі інвестыцыйнага праекта па комплекснай мадэрнізацыі і тэхнічным пераабсталяванні вытворчасці азнаёміўся падчас наведвання 19 лютага ААТ "Мінскі завод колавых цягачоў" прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч. Аб гэтым паведаміла прэс-служба беларускага ўрада.

Паводле слоў Мясніковіча, працу МЗКТ сёння можна ўзяць у якасці добрага прыкладу іншым: завод можа наглядна паказаць, чаго дамагаецца ўрад ад іншых прадпрыемстваў. Тут удаецца правільна спалучаць навуку, канструктарскія кадры і, безумоўна, высокакваліфікаваныя рабочыя кадры.

"Усе гэтыя пытанні вырашаюцца даволі паспяхова. Але жыццё не стаіць на месцы, рынак патрабуе новых вырабаў, з'яўляюцца новыя канкурэнты, — адзначыў прэм'ер. — У гэтай сувязі адна з асноўных мэт майго наведвання прадпрыемства — разгляд падрыхтоўкі праекта ўказа па будаўніцтве прынцыпова новага завода гідрамеханічных перадач, які будзе забяспечваць прадукцыяй не толькі гэта прадпрыемства, але і многіх сумежнікаў, у тым ліку ў Беларусі".

Падчас сустрэчы з журналістамі Мясніковіч падкрэсліў, што МЗКТ — гэта навукаёмістае, інавацыйнае прадпрыемства, якое вырабляе перспектыўную прадукцыю. "Сёння тут арыентаваны ўжо не толькі на традыцыйную прадукцыю абароннага комплексу. Ідзе дыверсіфікацыя вытворчасці. Шмат тэхнікі выпускаецца для грамадзянскіх патрэб ці для тых і другіх", — сказаў прэм'ер.

На прадпрыемстве сканцэнтравана вельмі добрае канструктарскае, інтэлектуальнае, інавацыйнае ядро, адзначыў кіраўнік урада. Прыкладна 270 канструктараў досыць паспяхова працуюць над новымі вырабамі і забяспечваюць мадэрнізацыю дзейных. "Радуе, што яны не спыніліся ў вытворчасці традыцыйнай прадукцыі, а ідзе абнаўленне, удасканаленне. Такім чынам, павышаецца канкурэнтаздольнасць", — сказаў Мясніковіч.

У цэлым, што датычыцца кадраў, прэм'ер-міністр адзначыў, што сёння як для МЗКТ, так і для іншых аналагічных прадпрыемстваў якасных спецыялістаў рыхтуе Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт і адпаведныя машынабудаўнічыя каледжы.

ААТ "Мінскі завод колавых цягачоў" (TM VOLAT) з'яўляецца адным з сусветных вытворцаў, якія спецыялізуюцца на распрацоўцы і вырабе спецыялізаваных і грамадзянскіх аўтамабіляў, колавых шасі звышвысокай грузападымальнасці і праходнасці, здольных працаваць у самых цяжкіх кліматычных умовах. Вопыт прадпрыемства дазваляе ствараць машыны, здольныя перамяшчацца па поўнай бездаражы, працаваць у дыяпазоне тэмператур ад -50 да +50 і пры гэтым асцярожна перавозіць грузы масай да 250 тон
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН