Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/02/28/684474_684477/
Дата раздрукоўкі: 14.07.2020 06:26
28.02.2014 14:10 Палітыка

Украіна просіць экстранна склікаць пасяджэнне Савета бяспекі ААН у сувязі з падзеямі ў Крыме

Мінск, 28 лютага. Украіна просіць экстранна склікаць пасяджэнне Савета бяспекі ААН. Адпаведная пастанова прынята Вярхоўнай радай 28 лютага.

"Вярхоўная рада патрабуе ад Расійскай Федэрацыі спыніць захады, якія маюць прыкметы замахаў на дзяржаўны суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, у тым ліку адмовіцца ад падтрымкі сепаратызму ва Украіне ў любой форме", — гаворыцца ў дакуменце.

Украінскі парламент просіць усе дзяржавы — гаранты Будапешцкага мемарандума ад 1994 года "практычнымі дзеяннямі пацвердзіць замацаваныя ў мемарандуме прынцыпы: паважаць незалежнасць, суверэнітэт і існыя межы Украіны".

Ад падпісантаў мемарандума — Расіі, ЗША і Вялікабрытаніі — Вярхоўная рада просіць пацвердзіць абавязацельствы "ўстрымлівацца ад пагрозы сілы ці выкарыстання зброі супраць тэрытарыяльнай цэласнасці або палітычнай незалежнасці Украіны і што ніякая іх зброя не будзе выкарыстана супраць Украіны".

Вярхоўная рада таксама заклікае падпісантаў мемарандума правесці тэрміновыя кансультацыі з Украінай для "зняцця напружання і аднаўлення атмасферы ўзаемнага даверу".

Акрамя таго, Вярхоўная рада заклікае дзяржавы-гаранты падтрымаць ажыццяўленне Саўбезам ААН маніторынгу сітуацыі ў асобных рэгіёнах Украіны, у тым ліку ў Крыме, якая можа стварыць пагрозу міжнароднаму міру і бяспецы. У выпадку яе эскалацыі рада патрабуе ад дзяржаў-гарантаў дамагацца неадкладных дзеянняў з боку Саўбеза ААН з мэтай аказання дапамогі Украіне як дзяржаве — ўдзельніку дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі.

Дэпутаты таксама запрасілі ва Украіну спецыяльную місію АБСЕ і Савета Еўропы для кантролю належнага выканання правоў грамадзян Украіны ўсіх нацыянальнасцяў і канфесій у Крыме і іншых рэгіёнах краіны.

Як паведамляе ўкраінскае агенцтва УНІАН, у ноч на 27 лютага невядомыя са зброяй захапілі будынкі Вярхоўнай рады і Савета міністраў Аўтаномнай Рэспублікі Крым у цэнтральнай частцы Сімферопаля. Па факце захопу гэтых будынкаў пракуратура Крыма адкрыла вытворчасць на падставе артыкула "Тэракт".

Паводле інфармацыі прэс-сакратара міжнароднага аэрапорта Сімферопаль Ігара Страцілаці, у ноч на 28 лютага на тэрыторыю аэрапорта ўварваліся прыблізна 50 чалавек з расійскімі сцягамі, якія паспрабавалі захапіць будынак, вырашыўшы, што там нібы высадзіўся "ўкраінскі дэсант", аднак пазней пакінулі тэрыторыю аэрапорта. У аэрапорце Бельбек пад Севастопалем зараз знаходзіцца больш як 300 ваенных з аўтаматамі. Аэрапорт не працуе.

Міністр унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў заявіў, што расцэньвае блакаванне працы аэрапорта Бельбек і знаходжанне людзей з аўтаматамі ў аэрапорце Сімферопаль як узброенае ўварванне Расіі і акупацыю.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239