Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/04/09/694049_694055/
Дата раздрукоўкі: 26.09.2020 08:50
09.04.2014 15:26 Эканоміка

Экспарт нафтапрадуктаў знізіўся на 266,7 млн. долараў у студзені—лютым

Мінск, 9 красавіка. У студзені—лютым экспарт беларускіх нафтапрадуктаў склаў 1,84 млрд. долараў і знізіўся на 12,7%, ці на 266,7 млн. долараў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, сведчаць афіцыйныя статзвесткі.

Зніжэнне аб`ёму экспарту ў грашовым выражэнні абумоўлена як зніжэннем цаны экспартаваных нафтапрадуктаў, так і аб`ёму фізічных паставак.

Так, у студзені—лютым 2014 года на экспарт было вывезена 2,45 млн. тон нафтапрадуктаў, што на 211,3 тыс. тон менш у параўнанні з аналагічным перыядам 2013 года. Акрамя гэтага, у студзені—лютым 2014 года сярэдняя цана экспартаваных Беларуссю нафтапрадуктаў склала 748,9 долара і знізілася ў параўнанні з аналагічным перыядам 2013-га на 5,2%.

Прадстаўнікі кіраўніцтва нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў Беларусі, выступаючы на гэтым тыдні ў Мінску на спецыялізаванай канферэнцыі па нафтаперапрацоўцы, адзначалі, што да 2020 года запланавана правядзенне мадэрнізацыі НПЗ, якая дазволіць павялічыць вытворчасць і экспарт нафтапрадуктаў.

У прыватнасці, нафтаперапрацоўчы завод "Нафтан" плануе ў аналізаваным перыядзе павялічыць глыбіню перапрацоўкі нафты з цяперашніх 75% да 95%. У сваю чаргу, Мазырскі НПЗ мае намер павысіць глыбіню перапрацоўкі з цяперашніх 70% да 90%.

На беларускіх НПЗ перапрацоўваецца імпартаваная расійская нафта, вуглевадародную сыравіну, якая здабываецца на тэрыторыі краіны, Беларусь экспартуе. Так, у 2013 годзе на знешнія рынкі Беларусь паставіла 1,62 млн. тон уласнай нафты на суму 1,24 млрд. долараў. Разам з гэтым Беларусь летась экспартавала 13,56 млн. тон нафтапрадуктаў на 10,18 млрд. долараў.

Нагадаем, сукупныя валютныя паступленні Беларусі ад экспарту тавараў у 2013 годзе склалі 35,95 млрд. долараў. Такім чынам, амаль траціна выручкі Беларусі ад экспарту тавараў прыпадае на нафтавыя пазіцыі (нафта і нафтапрадукты).

Як паведамлялася раней, Беларусь заняла трэцяе месца ў рэйтынгу найбольш залежных ад нафты эканомік, падрыхтаваным у студзені 2014 года агенцтвам Bloomberg. Рэйтынг быў складзены на аснове працэнтных адносінаў нафтавага экспарту да ВУП краіны.

Усе краіны, якія ўлічвае Bloomberg, былі ранжыраваны зыходзячы з тэмпаў прыросту нафтавага складальніка ў ВУП за 25 гадоў (з 1993-га па 2018-ты). Эксперты Bloomberg канстатавалі ў сваім рэйтынгу, што ў 1993 годзе нафтавы складальнік (аб`ём нафтавага экспарту) быў роўны 0,5% да ВУП Беларусі. Да 2018 года, згодна з прагнозам агенцтва, доля нафтавага экспарту да ВУП дасягне ў Беларусі 13,9%.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239