Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/04/28/698501_698502/
Дата раздрукоўкі: 03.08.2021 15:53
28.04.2014 17:04 Эканоміка, Фінансы, Грамадства

МВФ рэкамендуе беларускім уладам не павышаць зарплаты ў 2014 годзе

Мінск, 28 красавіка. У мэтах захавання макраэканамічнай стабільнасці беларускім уладам трэба адмовіцца ад практыкі павышэння зарплат у гэтым годзе, заявіў кіраўнік місіі МВФ Дэвід Хофман на прэс-канферэнцыі 28 красавіка.
Для змякчэння "рызык неўпарадкаванай карэкціроўкі знешніх дысбалансаў патрабуецца неадкладна рэалізаваць больш рашучыя змяненні" ў эканамічнай палітыцы, сказаў ён.

"У прыватнасці, у мэтах стрымлівання ўнутранага попыту і скарачэння дысбалансаў мэтавае крэдытаванне неабходна скарачаць значна хутчэй, чым прадугледжваецца цяпер, і не трэба далей павышаць заработную плату ў гэтым годзе", — падкрэсліў Дэвід Хофман.

Акрамя таго, дадаў ён, ураду неабходна праводзіць дастаткова жорсткую бюджэтна-падатковую палітыку, а Нацбанку — дапускаць больш значную гнуткасць абменнага курсу, адначасова ўзмацняючы жорсткасць грашова-крэдытнай палітыкі.

"Між тым, Нацбанку трэба дакладна адсочваць рызыкі ў банкаўскім сектары, у тым ліку і ў святле росту крэдытаў, якія не абслугоўваюцца, і інтэнсіфікаваць працу па стрымліванні росту валютных крэдытаў, што выдаюцца нехеджыраваным пазычальнікам", — сказаў кіраўнік місіі МВФ.

Ён таксама адзначыў, што для стымулявання ўстойлівага росту па-ранейшаму патрабуецца рэалізацыя глыбокіх структурных рэформ у беларускай эканоміцы.

"Місія вітае нядаўняе скарачэнне колькасці тавараў, што падлягаюць цэнавому кантролю, але важна будзе падтрымаць гэтыя намаганні за кошт інтэнсіфікацыі рэформ па іншых кірунках, каб палепшыць агульнае размеркаванне рэсурсаў", — рэкамендаваў прадстаўнік МВФ.

Да канкрэтных крокаў у гэтым кірунку ён аднёс "фарміраванне плана дасягнення поўнага кампенсавання затрат за кошт тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі і паслугі транспарту з дакладна ўстаноўленымі тэрмінамі рэалізацыі мерапрыемстваў".

Таксама неабходны, сказаў Хофман, "канкрэтныя крокі па скарачэнні ролі дзяржавы ў эканоміцы, што павінна ўключаць у сябе хуткую паэтапную адмову ад сістэмы абавязковых мэтавых паказчыкаў для прадпрыемстваў і планы па прыватызацыі, якія заслугоўваюць даверу".
Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239