Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/04/29/eu_eu_698666_698670/
Дата раздрукоўкі: 23.07.2019 08:30
29.04.2014 19:14 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

Еўрасаюз пашырыў санкцыі ў дачыненні да асоб, адказных за расійска-ўкраінскі канфлікт

Мінск, 29 красавіка. Еўрасаюз увёў санкцыі ў дачыненні да яшчэ 15 чалавек, якія, на думку ЕС, адказныя за пагрозу тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці Украіны. Адпаведнае рашэнне апублікавана 29 красавіка ў Афіцыйным часопісе ЕС.

У спіс дададзены: віцэ-прэм'ер Расіі Дзмітрый Казак, прадстаўнік прэзідэнта РФ у Крыме Алег Белавенцаў, міністр па справах Крыма Алег Савельеў, "дзейны губернатар анексаванага ўкраінскага горада" Севастопаль Сяргей Мяняйла, член Савета Федэрацыі ад "анексаванай Аўтаномнай Рэспублікі Крым" Вольга Кавіцыдзі, віцэ-спікеры Дзярждумы РФ Людміла Швяцова і Сяргей Нявераў, начальнік ГРУ Ігар Сяргун, кіраўнік Генштаба Валерый Герасімаў, супрацоўнік ГРУ Ігар Стралкоў, лідары сепаратыстаў на паўднёвым усходзе Украіны Герман Пракоп'еў і Валерый Болатаў, кіраўнік самаабвешчанай "Данецкай рэспублікі" Андрэй Пургін, прадстаўнікі "Данецкай рэспублікі" Дзяніс Пушылін і Сяргей Цыплакоў.

Цяпер еўрапейскія санкцыі ў сувязі з падзеямі ва Украіне дзейнічаюць у дачыненні да 48 чалавек, у тым ліку прэм'ер-міністра Крыма Сяргея Аксёнава, спікера Дзяржсавета Уладзіміра Канстанцінава, першага віцэ-прэм'ера Крыма Рустама Тэрміграліева, намесніка камандуючага Чарнаморскім флотам Дзяніса Беразоўскага, віцэ-прэм'ера РФ Дзмітрыя Рагозіна, спікера Савета Федэрацыі Валянціны Мацвіенкі і спікера Дзярждумы Сяргея Нарышкіна.

Асобам, у дачыненні да якіх дзейнічаюць санкцыі, забаронены ўезд у краіны Еўрасаюза, іх актывы, калі такія ёсць, на тэрыторыі ЕС замарожваюцца.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН