Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/05/02/699093_699094/
Дата раздрукоўкі: 26.01.2021 05:13
02.05.2014 21:03 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка рэкамендуе не спяшацца адкрываць пасольствы і прызначаць паслоў там, дзе ім "рабіць няма чаго будзе"

Мінск, 2 мая. Падчас нарады па кадравых пытаннях 2 мая Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў міністра замежных спраў Уладзіміра Макея, наколькі патрэбныя і актуальныя цяперашнія прызначэнні і ці прынясе гэта істотную карысць для краіны.

"Хацелася б, каб паслы прызначаліся ўжо, магчыма, пад нейкую канкрэтную праграму або следам за гэтай праграмай", — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба. Лукашэнка зазначыў, што, магчыма, "лепш не спяшацца адкрываць пасольствы і прызначаць паслоў там, дзе ім рабіць няма чаго будзе".

Макей звярнуў увагу, што ўсе кіраўнікі беларускіх дыпмісій, якія прызначаюцца за мяжой, з'яўляюцца "адказнымі і перспектыўнымі работнікамі ў сістэме МЗС".

Міністр пагадзіўся з тым, што паслоў варта прызначаць пад перспектыўнае развіццё адносінаў з той ці іншай краінай.

"Наглядным прыкладам тут з'яўляецца Эквадор", — паведамляе прэс-служба. Паводле слоў Макея, калі раней у Беларусі з Эквадорам практычна не было ніякага тавараабароту, то летась ён склаў 28 млн. долараў ЗША. Міністр прызнаў, што гэта невялікая лічба, аднак у дзвюх краін ёсць канкрэтныя перспектыўныя праграмы. "Эканоміка Эквадора падобная да венесуэльскай, і ёсць гатоўнасць нашых эквадорскіх партнёраў па развіцці ўзаемавыгадных сумесных праектаў з Беларуссю. Мы гэта будзем рабіць. Да таго ж з Эквадора мы акрэдытуем пасла па сумяшчальніцтве на некалькі суседніх краін", –- зазначыў кіраўнік МЗС.

"Што да Манголіі, то з гэтай краінай за апошнія два гады адзначаецца стабільны ўзровень знешняга гандлю, нягледзячы на дрэнную міжнародную фінансава-эканамічную сітуацыю. Апрача таго, у дзвюх краін ёсць перспектыўныя праграмы па пастаўках кар'ернай тэхнікі, па супрацоўніцтве ў сферы сельскай гаспадаркі і пастаўках сельгастэхнікі і абсталявання. Прычым ужо вядзецца канкрэтная праца", — паведамляе прэс-служба.

Кажучы пра Нідэрланды, Макей звярнуў увагу на традыцыйна высокі ўзровень тавараабароту ў больш як 3 млрд. долараў. Прычым нават без уліку нафты, нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў, сёлета назіраецца рост двухбаковага гандлю ў два разы. Да таго ж з Нідэрландаў у Беларусь актыўна ідуць інвестыцыі, якія складаюць сотні мільёнаў долараў. У Нідэрландах таксама знаходзіцца штаб-кватэра Арганізацыі па забароне хімічнай зброі, з якой Беларусь цесна супрацоўнічае і выбрана летась у склад кіраўніцтва.

"Што да іншых краін, то мы пастаянна аналізуем працу нашых замежных устаноў. Напэўна, павінен шчыра прызнаць, усё-такі мы не заўсёды пралічваем нейкія варыянты пры прызначэнні тых ці іншых кіраўнікоў замежных устаноў, але важна своечасова бачыць недахопы і выпраўляць іх", — зазначыў міністр замежных спраў.

Лукашэнка падкрэсліў, што яго асноўным патрабаваннем з'яўляецца пастаянная дынаміка ў адносінах з той ці іншай краінай.

"Калі ўжо прызначылі, напэўна, думалі пра нейкія перспектывы. Усё роўна паслу давядзецца там напружвацца і даваць вынік. Няхай паступова, няхай спакойна, але дынаміка павінна быць станоўчая. Гэта для нас вельмі важна. Калі, да прыкладу, у той жа Аргенціне вялікі фронт працы, перспектыўная краіна, там заўсёды можна знайсці прыкладанне намаганняў нашай Беларусі. Таму пасол павінен варушыцца. Гэтаксама і ў Бразіліі. Бразілія — гіганцкая краіна, велізарная па шчыльнасці, і калі мы там не маем добрай дынамікі, значыць, трэба разбірацца з паслом", — мяркуе кіраўнік дзяржавы.

"Але галоўная задача — гэта эканоміка, — зазначыў Лукашэнка. — Будзе эканоміка — заўсёды будзе краіна і незалежнай, і вам будзе магчымасць заўсёды вярнуцца ў свой родны дом, вы будзеце ведаць, што ёсць кавалак зямлі, дзе будуць жыць вашы дзеці. Гэта залежыць, у прынцыпе, сёння ўсё ад паслоў".

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239