Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/05/28/704677_704680/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2018 10:18
28.05.2014 11:21 Палітыка

Украінскае МЗС заклікае міжнародную супольнасць зрабіць рашучыя захады і спыніць агрэсію Расіі

Мінск, 28 мая. Украінскае МЗС заклікае міжнародную супольнасць прыняць неадкладныя і рашучыя дзеянні, каб спыніць агрэсію Расіі супраць Украіны і сусветнага парадку. Пра гэта гаворыцца ў заяве, распаўсюджанай знешнепалітычным ведамствам Украіны 28 мая.

"Мы бачым, што цаной далейшых спробаў дыялогу з Крамлём з надзеяй на яго канструктыўнасць з'яўляецца ўсё больш чалавечых ахвяраў, адказнасць за якія ляжыць выключна на расійскім акупанце", — падкрэсліваецца ў заяве.

МЗС Украіны выказвае рашучы пратэст у сувязі з чарговым прарывам на ўкраінскую тэрыторыю з боку Расіі групы ўзброеных тэрарыстаў. "Нягледзячы на папярэджанні, перададзеныя ўкраінскім бокам па дыпламатычных каналах, адносна канцэнтрацыі на ўкраінска-расійскай мяжы да 40 грузавых аўтамабіляў з узброенымі людзьмі, расійскі бок не зрабіў ніякіх захадаў для папярэджання іх пранікнення на тэрыторыю Украіны, — сцвярджаюць у МЗС. — 27 мая прыблізна ў 4.00 калона з некалькіх грузавікоў і легкавых аўтамабіляў ажыццявіла спробу перасячэння дзяржаўнай мяжы Украіны ў раёне населенага пункта Астахава (Луганская вобласць)".

У заяве падкрэсліваецца, што ўсё гэта адбывалася "пры поўным бяздзеянні расійскіх памежнікаў". "Больш за тое, ёсць усе падставы сцвярджаць, што накіроўванне расійскіх тэрарыстаў на тэрыторыю Украіны арганізуецца і фінансуецца пад непасрэдным кантролем Крамля і расійскіх спецслужбаў, — гаворыцца ў дакуменце. — Па сутнасці, мы маем справу з несхаванай агрэсіяй супраць Украіны з боку Расіі, экспартам расійскага тэрарызму на тэрыторыю нашай дзяржавы. Сёння ва ўсходніх абласцях Украіны нашым праваахоўнікам супрацьстаяць добра падрыхтаваныя і ўзброеныя расійскія наёмнікі, гатовыя рабаваць, запалохваць, катаваць і забіваць украінскіх грамадзян".

На думку ўкраінскага МЗС, спроба Крамля "перакласці сваю адказнасць за тое, што адбываецца ва ўсходніх абласцях Украіны, на ўкраінскую ўладу і сілы антытэрарыстычнай аперацыі з'яўляецца нічым іншым, як толькі лжывай і цынічнай прапагандай".

"Агрэсіўныя дзеянні Раісі і падкантрольных ёй калабарацыяністаў з тэрарыстычных арганізацый "ДНР" і "ЛНР" (Данецкая і Луганская народныя рэспублікі. — БелаПАН.) з'яўляецца яшчэ адным сведчаннем таго, што Крэмль не мае намеру выконваць Жэнеўскія пагадненні нават пасля таго, як ва Украіне былі праведзены прызнаныя ўсім светам дэмакратычныя прэзідэнцкія выбары", — гаворыцца ў заяве.

МЗС падкрэслівае, што неабходна сумеснымі намаганнямі "прымусіць Крэмль спыніць пастаўкі тэрарыстаў і зброі" на тэрыторыю Украіны, а таксама "адклікаць расійскіх дыверсантаў з тэрыторыі Украіны, каб аднавіць мір і стабільнасць" у краіне і рэгіёне.

Прэс-служба МЗС паведамляе, што саветніку-пасланніку пасольства Расіі ў Кіеве Андрэю Вараб'ёву ўручана нота пратэсту "ў сувязі з чарговым прарывам на ўкраінскую тэрыторыю з боку Расіі групы ўзброеных тэрарыстаў у ноч на 27 мая".

Украінскі бок выказаў "рашучы пратэст у сувязі з бяздзейнасцю расійскіх дзяржаўных органаў, у прыватнасці Прыгранічнай службы Федэральнай службы бяспекі", і падкрэсліў, што такія дзеянні з'яўляюцца грубым парушэннем нормаў Дагавора аб дружбе, супрацоўніцтве і партнёрстве паміж Украінай і РФ ад 1997 года, Статута ААН, а таксама Жэнеўскіх пагадненняў ад 17 мая 2014 года.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН