Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/06/05/706590_706593/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2019 17:56
05.06.2014 18:32 Палітыка

Старшыня Гомельскага аблвыканкама папярэджаны аб няпоўнай службовай адпаведнасці

Мінск, 5 чэрвеня. Старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік "за патуранне, дапушчаныя недахопы і пралікі ў кадравай працы, непрыманне належных мер па выкананні заканадаўства аб дзяржаўнай службе і барацьбе з карупцыяй" папярэджаны аб няпоўнай службовай адпаведнасці.

Адпаведнае распараджэнне Аляксандр Лукашэнка падпісаў 5 чэрвеня, паведаміла прэс-служба прэзідэнта.

19 мая былі затрыманы першы намеснік старшыні аблвыканкама Віктар Банчук і намеснік старшыні Віктар Трызна. Яны абвінавачваюцца ў злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі.

Банчук і Трызна былі прызначаны на свае пасады адначасова — 28 снежня 2012 года. Банчук раней узначальваў Рагачоўскі райвыканкам, Трызна працаваў на пасадзе кіраўніка справамі Гомельскага аблвыканкама.

У аблвыканкаме Банчук курыраваў пытанні развіцця аграпрамысловага комплексу вобласці, харчовых рэсурсаў, вытворчасці і перапрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі і г. д. Непасрэдна ў яго падпарадкаванні знаходзіліся камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні і землеўпарадкавальная служба.

Трызна курыраваў пытанні ідэалагічнай працы, аховы здароўя, фармацыі, адукацыі, культуры, спорту і турызму, СМІ. Чыноўнік узначальвае камісію па садзейнічанні ў забеспячэнні правоў ахвяраў палітычных рэпрэсій 20—80-х гадоў XX стагоддзя і ўвекавечанні іх памяці, а таксама камісію па супрацьдзеянні карупцыі ў Гомельскім аблвыканкаме.

Уладзімір Дворнік быў прызначаны кіраўніком Гомельскай вобласці 29 снежня 2010 года.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН