Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/06/16/708724_708725/
Дата раздрукоўкі: 17.09.2019 03:21
16.06.2014 23:03 Спорт

Памёр трэнер вядомай беларускай гімнасткі Святланы Баітавай Алег Мішчанка

Мінск, 16 чэрвеня. На 79-м годзе жыцця памёр заслужаны трэнер СССР, Беларускай і Казахскай ССР Алег Мішчанка, паведаміла 16 чэрвеня прэс-служба Міністэрства спорту і турызму.

Мішчанка нарадзіўся і вырас у Пяцігорску Стаўрапольскага краю. У 1973 годзе быў запрошаны на працу ў Магілёў. З гэтым горадам была звязаная ўся яго далейшая прафесійнай дзейнасць.

Выхаванка Мішчанкі Святлана Баітава ў 1987 годзе стала чэмпіёнкай свету па спартыўнай гімнастыцы, першай з магіляўчан у 1988 годзе заваявала тытул чэмпіёнкі Алімпійскіх гульняў у Сеуле (Паўднёвая Карэя).

Сярод выхаванцаў трэнера — абсалютная чэмпіёнка СССР сярод моладзі, майстар спорту міжнароднага класа Валерыя Жыдунова, двухразовая ўдзельніца Алімпійскіх гульняў Алена Палазкова, якая ў 1999 годзе стала прызёрам Кубка свету па спартыўнай гімнастыцы.

Мішчанка падрыхтаваў двух заслужаных майстроў спорту, чатырох майстроў спорту міжнароднага класа, больш за сорак майстроў спорту, а таксама сем чэмпіёнаў СССР.

Ён распрацаваў гімнастычныя элементы, унесеныя ў класіфікацыю элементаў сусветнай спартыўнай гімнастыкі і названыя ў гонар іх выканаўцаў: "элемент Баітавай", "скачок Палазковай", "элемент Зайцавай" на брусах, "элемент Жыдуновай" на бервяне.

Мішчанка падрыхтаваў вялікую групу трэнераў па спартыўнай гімнастыцы, якія працуюць як у Магілёве, так і за мяжой. З яго ініцыятывы быў арганізаваны штогадовы міжнародны турнір на прызы Святланы Баітавай.

Трэнер быў узнагароджаны медалямі "За працоўную доблесць", "Ветэран працы", "Найлепшы трэнер СССР", ганаровай граматай прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, граматай Вярхоўнага Савета БССР і інш.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН