Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/06/25/710492_710507/
Дата раздрукоўкі: 19.10.2019 13:06
25.06.2014 14:05 Эканоміка, Грамадства, Палітыка

Беларусь і Куба намецілі перспектыўныя кірункі супрацоўніцтва ў галіне фармакалогіі і сельскай гаспадаркі

Мінск, 25 чэрвеня. Беларусь і Куба намецілі перспектыўныя кірункі супрацоўніцтва ў сферы фармакалогіі, сельскай гаспадаркі і іншых галінах. Гэтыя пытанні міністр замежных спраў Уладзімір Макей, які 23—25 чэрвеня знаходзіцца з афіцыйным візітам на Кубе, абмеркаваў з кіраўніцтвам Цэнтра геннай інжынерыі і біятэхналогій і Цэнтра малекулярнай імуналогіі ў Гаване, паведамілі ў прэс-службе знешнепалітычнага ведамства Беларусі.

Як адзначаецца, у гаванскім Цэнтры геннай інжынерыі і біятэхналогій, які з'яўляецца адной з вядучых навукова-даследчых устаноў Кубы, Уладзімір Макей азнаёміўся з апошнімі біямедыцынскімі распрацоўкамі вучоных гэтай краіны.

У межах візіту міністр замежных спраў Беларусі сустрэўся са сваім кубінскім калегам Бруна Радрыгесам Парыльей. Чыноўнікі абмеркавалі стан і перспектывы развіцця двухбаковых адносін ва ўсіх сферах.

Так, паведамілі ў прэс-службе беларускага МЗС, бакі адзначылі "традыцыйна сяброўскі характар беларуска-кубінскага супрацоўніцтва, якое вызначаецца высокім узроўнем паразумення". Асаблівая ўвага была нададзена "ўзмацненню каардынацыі ўзаемадзеяння ў міжнародных арганізацыях". Міністры сышліся ў меркаванні аб "негрунтоўнасці палітыкі аднабаковых абмежавальных мер", якія прымяняюцца некаторымі краінамі ў адносінах да Беларусі і Кубы.

На перамовах Уладзіміра Макея з міністрам знешняга гандлю і замежных інвестыцый Кубы Радрыга Мальм'ерка Дыясам прысутнічалі прадстаўнікі Мінскага аўтазавода і Мінскага трактарнага завода, Банка развіцця Беларусі, прадпрыемства "Белэксімгарант". Бакі абмеркавалі "новыя кірункі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, магчымасці стымулявання двухбаковага гандлю з выкарыстаннем механізмаў экспартнага крэдытавання і страхавання". Вынікам перамоў стала дамоўленасць аб накіраванні ў Мінск восенню гэтага года кубінскай дэлегацыі.

Міністры падпісалі некалькі міжурадавых пагадненняў, якія тычацца сустрэчнага гандлю, а таксама ўзаемнага прызнання рэгістрацыі лекавых сродкаў і развіцця супрацоўніцтва ў галіне сумеснай вытворчасці і паставак лекаў.

З нагоды візіту Макея МЗС Рэспублікі Куба правёў традыцыйны прыём для кіраўнікоў акрэдытаваных у гэтай дзяржаве дыпламатычных місій. Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Беларусі, як паведамілі ў прэс-службе беларускага МЗС, усклаў вянок да манумента паэту, пісьменніку, публіцысту і лідару вызвольнага руху Кубы Хасэ Марці на плошчы Рэвалюцыі ў Гаване.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН