Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/07/28/by_media_sergej/
Дата раздрукоўкі: 25.08.2019 00:57
28.07.2014 16:19 Відэа, Грамадства

Юрыст Тамара Сяргей: Аказваецца, подпісы пад калектыўнымі зваротамі — гэта небяспечна для нашай дзяржавы

Галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС Беларусі праводзіць масаванае апытанне падпісантаў звароту ў Адміністрацыю прэзідэнта краіны. Акалічнасці паведамляе БелаПАН юрыст і праваабаронца Тамара Сяргей:

"5 чэрвеня група з трыццаці грамадзян, у тым ліку я, у чарговы, а менавіта ў восьмы, раз звярнуліся да кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта краіны з просьбай прыняць іх. Мы хацелі абмеркаваць праблему адпісак, якія атрымліваем у адказ на свае індывідуальныя скаргі. Чарговым разам мы не былі прынятыя, больш за тое, у адказе паведамлялася, што перапіска з намі спыненае, таму і няма падстаў для прыёму. Гэта значыць кіраўнік адміністрацыі спыніў перапіску з грамадзянамі, ні разу з імі не сустрэўшыся, не выслухаўшы і не вырашыўшы іх праблемы".

8 ліпеня Тамару Сяргей запрасілі ў Генпракуратуру і нагадалі, што ў красавіку мінулага года ёй было вынесенае афіцыйнае папярэджанне па незабыўным артыкуле КК 193 прым. (дзейнасць ад імя незарэгістраванага грамадскага аб'яднання). "У мяне запыталі, куды мы звярталіся апошнім часам, да каго на прыём хадзілі, — працягвае праваабаронца. — Я дала тлумачэнні і лічыла, што пытанне вычарпанае. Аднак 22 ліпеня пачалося масаванае апытанне падпісантаў звароту ў Адміністрацыю прэзідэнта. Але яго ўжо праводзіла галоўнае ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС.

Мне ставяць у віну, што я арганізавала незарэгістраванае грамадскае аб'яднанне. Аказваецца, нельга ставіць подпісы пад калектыўнымі зваротамі — гэта небяспечна для нашай дзяржавы! Хоць такое права нам дае артыкул 40 Канстытуцыі. Не выключаю, што ў дачыненні да мяне могуць распачаць крымінальную справу — толькі за тое, што карыстаюся сваімі канстытуцыйнымі правамі.

Атрымліваецца, што на паперы ў Беларусі ўсё прыгожа — дэмакратыя, сацыяльная прававая дзяржава. А на самой справе... Мы, жанчыны, галоўным чынам пенсіянеркі, звяртаемся да чыноўнікаў, і за гэта нас запалохваюць, пераследуюць, і не выключана, што надзенуць наручнікі".

Паводле слоў Сяргей, да прэзідэнта краіны члены грамадзянскай ініцыятывы звярталіся 39 раз, да старшыні Вярхоўнага суда — 29, генеральнага пракурора — 21, да кіраўніка адміністрацыі, ужо цяперашняга, — восем разоў. "Мы калектыўна звяртаемся да чыноўнікаў і чакаем дыялогу, — гаворыць яна. — Няхай цяпер, у межах праверкі, ГУБАЗіК апытае і гэтых службовых асоб і задасць пытанне, чаму яны парушаюць артыкул 40 Канстытуцыі і не адказваюць па сутнасці пастаўленых пытанняў, чаму прымушаюць грамадзян шмат разоў, гадамі звяртацца да іх па адных і тых жа пытаннях і тым самым ствараюць напружаную сітуацыю ў грамадстве".

Юрыст нагадала, што ў 2011 годзе Венецыянская камісія Савета Еўропы прызнала артыкул 193 прым. КК Беларусі не адпаведным міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека. "Але наша краіна працягвае выкарыстоўваць гэты артыкул, — адзначае Тамара Сяргей. — Я маю намер выкарыстоўваць для сваёй абароны і ўнутраныя і міжнародныя інстанцыі, аж да звароту ў Камітэт ААН па правах чалавека".

Відэа Андрэя Корсака, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН