Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/07/30/717141/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 12:54
30.07.2014 09:21 Палітыка

Парашэнка прапанаваў Лукашэнку прыцягнуць Беларусь у якасці пляцоўкі для перамоваў па вырашэнні ўкраінскага крызісу (абноўлена)

Мінск, 30 ліпеня. "Прэзідэнт Украіны звярнуўся да кіраўніка беларускай дзяржавы з просьбай прыцягнуць Рэспубліку Беларусь у якасці пляцоўкі для правядзення перамоваў з удзелам усіх зацікаўленых бакоў па вырашэнні ўкраінскага крызісу. Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся з гэтай ініцыятывай", — паведаміла прэс-служба беларускага кіраўніка па выніках тэлефонных перагавораў з Пятром Парашэнкам.

Размова адбылася 29 ліпеня "па ініцыятыве ўкраінскага боку". Бакі "абмеркавалі шэраг актуальных пытанняў, якія ўяўляюць узаемны інтарэс".

Паводле інфармацыі Адміністрацыі прэзідэнта Украіны ў сацыяльнай сетцы "Фэйсбук", Парашэнка звярнуўся да Лукашэнкі з просьбай "садзейнічаць правядзенню ў Мінску 31 ліпеня пасяджэння трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе з удзелам другога прэзідэнта Украіны Леаніда Кучмы, пасла Расіі Міхаіла Зурабава і прадстаўніка АБСЕ".

Як паведаміў Парашэнка, на абмеркаванне прапаноўваецца вынесці два пытанні: вызваленне ўсіх заложнікаў, якія застаюцца ў баевікоў (168 чалавек), і забеспячэнне допуску міжнародных экспертаў на месца падзення самалёта "Малайзійскіх авіяліній".

Між тым у сярэдзіне мая Лукашэнка заявіў, што гатовы аказаць Украіне любую дапамогу, але выказаўся катэгарычна супраць пасрэдніцтва. "Калі вам будзе патрэбная нейкая дапамога ад нас — апрача пасрэдніцтва, вось гэта немагчыма, я цярпець не магу пасрэдніцтва, — калі патрэбна будзе дапамога як ад чалавека, які вельмі блізка да сэрца ўспрымае ўсё, што адбываецца ва Украіне, я гатовы ў любы момант падтрымку гэту аказаць", — сказаў беларускі кіраўнік на сустрэчы з паслом Украіны Міхаілам Ежалем.

 

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН