Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/07/30/717305_717306/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 12:06
30.07.2014 17:21 Палітыка

Трохбаковая сустрэча будзе праведзеная ў любым выпадку, заяўляюць у Кіеве

Мінск, 30 ліпеня. Намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Украіны Валерый Чалы сёння пацвердзіў, што сустрэча па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне на ўзроўні экспертаў можа прайсці 31 ліпеня ў Мінску. "Яна будзе праведзеная ў любым выпадку. Але калі гэта адбудзецца ў Мінску, то такое садзейнічанне вельмі карыснае для нас. Гэта вельмі партнёрскі захад з боку кіраўніцтва Беларусі. Плануецца, што гэтае пасяджэнне на ўзроўні экспертаў можа прайсці найбліжэйшымі днямі, у ідэале — заўтра", — цытуе Чалага ИТАР-ТАСС.

"Гаворка ідзе не пра перамовы з тэрарыстамі, а пра вырашэнне канфліктных пытанняў", — падкрэсліў Чалы. "У гэтым кантэксце і была прапанаваная сустрэча ў Мінску пры садзейнічанні прэзідэнта Беларусі", — дадаў ён.

Паводле слоў украінскага чыноўніка, "правядзенне сустрэч кантактнай групы неабходнае ў кантэксце вырашэння двух пытанняў — доступ міжнародных інспектараў да месца падзення самалёта "Малайзійскіх авіяліній" у Данецкай вобласці і пытанні заложнікаў".

Нагадаем, вечарам 29 ліпеня прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі распаўсюдзіла інфармацыю пра тэлефонную гутарку з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам "з ініцыятывы ўкраінскага боку". "Прэзідэнт Украіны звярнуўся да кіраўніка беларускай дзяржавы з просьбай прыцягнуць Рэспубліку Беларусь у якасці пляцоўкі для правядзення перамоў з удзелам усіх зацікаўленых бакоў па вырашэнні ўкраінскага крызісу. Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся з такой ініцыятывай", — паведаміла прэс-служба.

Паводле звестак Адміністрацыі прэзідэнта Украіны ў сацыяльнай сетцы "Фэйсбук", Парашэнка звярнуўся да Лукашэнкі з просьбай "спрыяць правядзенню ў Мінску 31 ліпеня пасяджэння трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе з удзелам другога прэзідэнта Украіны Леаніда Кучмы, пасла Расіі Міхаіла Зурабава і прадстаўніка АБСЕ".

Як паведаміў Парашэнка, на абмеркаванне прапануецца вынесці два пытанні: вызваленне ўсіх заложнікаў, якія застаюцца ў баевікоў (168 чалавек), і забеспячэнне допуску міжнародных экспертаў на месца падзення самалёта "Малайзійскіх авіяліній".

30 ліпеня ў Душанбэ міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў заявіў, што Расія ўдзячная Мінску за прапанову па перамовах з Кіевам, аднак адной сустрэчы будзе недастаткова.

"Мы нязменна выступаем за перамовы, мы вітаем любую магчымасць, якая для гэтага даецца, і ў гэтым сэнсе мы, вядома, цэнім прапанову Беларусі. Мы будзем вітаць кантакты і ўдзячныя нашым беларускім калегам за тое, што яны дапамагаюць украінцам усё ж сесці за стол перамоў", — сказаў Лаўроў.

Тым часам віцэ-прэм`ер самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі Андрэй Пургін у інтэрв`ю ИТАР-ТАСС заявіў, што першачарговым пытаннем на перамовах па ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе, якія маюць адбыцца ў Мінску, павінен стаць абмен палоннымі. "Першачарговым павінна быць пытанне пра абмен ваеннапалоннымі згодна з прынцыпам "ўсіх на ўсіх". Для мяне гэтае пытанне з`яўляецца адным з самых краевугольных", — падкрэсліў ён.

Пургін не чакае прарыву ад мінскай сустрэчы. "Я б хацеў адзначыць, што гэта яшчэ не паўнавартасныя перамовы, а толькі кансультацыі. І я зусім не ўпэўнены, што наступным захадам можа стаць пачатак перамоў аб поўным спыненні кровапраліцця ў Данбасе", — заявіў ён.

Тым часам афіцыйнага пацвярджэння аб правядзенні 31 ліпеня ў Мінску трохбаковай сустрэчы пакуль няма.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН