Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/07/30/717322_717324/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 12:05
30.07.2014 18:47 Палітыка

Прадстаўнікі Кіева гатовыя ўдзельнічаць 31 ліпеня ў Мінску ў перамовах кантактнай групы па Украіне

Мінск, 30 ліпеня. Прадстаўнікі Кіева гатовыя прыбыць у Мінск 31 ліпеня на перамовы кантактнай групы па Украіне. Як перадае РИА Новости, аб гэтым паведаміў украінскі віцэ-прэм`ер Уладзімір Гройсман.

"Прэзідэнт Украіны ўпаўнаважыў наш бок кантактнай групы вылецець заўтра ў Мінск і правесці кансультацыі для таго, каб нашы патрабаванні былі выкананыя. Мы хочам, каб з боку АБСЕ быў ажыццёўлены належны кантроль за тым, каб усе былі перакананыя, што з боку ўкраінскай арміі не вядзецца абстрэл тэрыторыі, аб якой ідзе гаворка (зона падзення малайзійскага Boeing)", — сказаў Гройсман на брыфінгу 30 ліпеня.

"Заўтра Украіна праз сваіх прадстаўнікоў у кантактнай групе прад`явіць сур`ёзныя патрабаванні адносна доступу на тэрыторыю, дзе ёсць абломкі збітага самалёта. Гэта наша прынцыповая пазіцыя, і ўсе сродкі, якія прадугледжаны гэтай кантактнай групай, будуць задзейнічаныя", — заявіў Гройсман.

Ён таксама адзначыў, што неадкладна допуск экспертаў да месца крушэння самалёта з`яўляецца патрабаваннем № 1 прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі.

Нагадаем, вечарам 29 ліпеня прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі распаўсюдзіла інфармацыю аб тэлефоннай размове з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам "па ініцыятыве ўкраінскага боку". "Прэзідэнт Украіны звярнуўся да кіраўніка беларускай дзяржавы з просьбай прыцягнуць Рэспубліку Беларусь у якасці пляцоўкі для правядзення перамоў з удзелам усіх зацікаўленых бакоў па вырашэнні ўкраінскага крызісу. Аляксандр Лукашэнка згадзіўся з гэтай ініцыятывай", — паведаміла прэс-служба.

Паводле звестак Адміністрацыі прэзідэнта Украіны ў сацыяльнай сетцы "Фэйсбук", Парашэнка звярнуўся да Лукашэнкі з просьбай "садзейнічаць правядзенню ў Мінску 31 ліпеня пасяджэння трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе з удзелам другога прэзідэнта Украіны Леаніда Кучмы, пасла Расіі Міхаіла Зурабава і прадстаўніка АБСЕ".

Як паведаміў Парашэнка, на абмеркаванне прапаноўваецца вынесці два пытанні: вызваленне ўсіх заложнікаў, якія застаюцца ў баевікоў (168 чалавек), і забеспячэнне допуску міжнародных экспертаў на месца падзеяння самалёта "Малайзійскіх авіяліній".

Намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Украіны Валерый Чалы 30 ліпеня пацвердзіў, што сустрэча па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне на ўзроўні экспертаў можа прайсці 31 ліпеня ў Мінску. "Яна будзе праведзена ў любым выпадку. Але калі гэта адбудзецца ў Мінску, то такое садзейнічанне вельмі карыснае для нас. У гэтым выпадку гэта вельмі партнёрскі крок з боку кіраўніцтва Беларусі. Плануецца, што гэтае пасяджэнне на ўзроўні экспертаў можа прайсці ў найбліжэйшыя дні, у ідэале — заўтра", — цытуе Чалага ІТАР-ТАСС.

Тым часам віцэ-прэм`ер самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі Андрэй Пургін у інтэрв`ю ІТАР-ТАСС заявіў, што першарадным пытаннем на перамовах у Мінску па ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе павінен стаць абмен палоннымі. "Першарадным павінна быць пытанне пра абмен ваеннапалоннымі па прынцыпе "ўсіх на ўсіх". Для мяне гэтае пытанне з`яўляецца адным з самых краевугольных", — падкрэсліў ён.

Пургін не чакае прарыву ад мінскай сустрэчы. "Я б хацеў адзначыць, што гэта яшчэ не паўнацэнныя перамовы, а толькі кансультацыі. І я зусім не ўпэўнены, што наступным крокам можа стаць пачатак перамоў аб поўным спыненні кровапраліцця ў Данбасе", — заявіў ён.

Між тым афіцыйнага пацвярджэння беларускіх улад аб правядзенні 31 ліпеня ў Мінску трохбаковай сустрэчы пакуль няма.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН