Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/07/30/eu_eu_717285_717289/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 12:18
30.07.2014 18:07 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

Кіраўнік МЗС Германіі Штайнмаер разлічвае на поспех сустрэчы ў Мінску групы па вырашэнні ўкраінскага канфлікту

Мінск, 30 ліпеня. Міністр замежных спраў Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер спадзяецца, што запланаваная на гэты тыдзень сустрэча ў Мінску прынясе прагрэс у вырашэнні ўкраінскага канфлікту, паведамляе РИА Новости.

"На сустрэчы паміж членамі кантактнай групы і прадстаўнікамі Усходняй Украіны ў Мінску, запланаванай на гэты тыдзень, павінны быць узгодненыя захады на шляху да перамір`я. Спыненне агню і прадухіленне паставак зброі сепаратыстам адкрывае вяртанне да палітычных спосабаў вырашэння канфлікту", — гаворыцца ў заяве Штайнмаера.

Ён таксама заклікаў усе бакі канфлікту да таго, каб забяспечыць доступ міжнародных назіральнікаў і прадстаўнікоў АБСЕ да месца крушэння самалёта MH17. "Невыносна, што праз два тыдні пасля катастрофы ўсё яшчэ немагчымае пахаванне загінулых, чые целы застаюцца на месцы катастрофы", — заявіў Штайнмаер.

Нагадаем, 29 ліпеня прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі распаўсюдзіла інфармацыю пра тэлефонную гутарку з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам "з ініцыятывы ўкраінскага боку". "Прэзідэнт Украіны звярнуўся да кіраўніка беларускай дзяржавы з просьбай прыцягнуць Рэспубліку Беларусь у якасці пляцоўкі для правядзення перамоў з удзелам усіх зацікаўленых бакоў па вырашэнні ўкраінскага крызісу. Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся з гэтай ініцыятывай", — паведаміла прэс-служба.

Паводле звестак Адміністрацыі прэзідэнта Украіны ў сацыяльнай сетцы "Фэйсбук", Парашэнка звярнуўся да Лукашэнкі з просьбай "спрыяць правядзенню ў Мінску 31 ліпеня пасяджэння трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе з удзелам другога прэзідэнта Украіны Леаніда Кучмы, пасла Расіі Міхаіла Зурабава і прадстаўніка АБСЕ".

Як паведаміў Парашэнка, на абмеркаванне прапануецца вынесці два пытанні: вызваленне ўсіх заложнікаў, якія застаюцца ў баевікоў (168 чалавек), і забеспячэнне допуску міжнародных экспертаў на месца падзення самалёта "Малайзійскіх авіяліній".

Афіцыйнага пацвярджэння аб правядзенні 31 ліпеня ў Мінску трохбаковай сустрэчы пакуль няма.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН