Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/07/31/717391_717392/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 12:49
31.07.2014 10:59 Палітыка

Перамовы па Украіне ў Мінску плануюцца, аднак афіцыйнай інфармацыі пра іх няма

Мінск, 31 ліпеня. У Мінску рыхтуюцца да правядзення сустрэчы трохбаковай групы (Украіна — Расія — АБСЕ) па сітуацыі ва Украіне, аднак афіцыйнай інфармацыі па перамовах па-ранейшаму няма.
У беларускім МЗС ад якіх-небудзь каментарыяў пакуль устрымліваюцца. З пасольствам Украіны ў Беларусі звязацца не ўдалося.

Дарадца пасольства Расіі ў Беларусі Уладзімір Марчукоў пацвердзіў БелаПАН, што расійскі пасол ва Украіне Міхаіл Зурабаў прыбудзе сёння ў Мінск у першай палове дня. "Ніякіх дэталяў сустрэчы невядома. У пасольства ёсць даручэнне сустрэць спадара Зурабава — і толькі. Расійскае пасольства ў сустрэчы, якая, як мяркуецца, адбудзецца сёння, ніякім чынам не ўдзельнічае. Задача пасольства — забяспечыць сустрэчу спадара Зурабава і дастаўку яго на тое месца, якое нам укажа беларускі бок. Дзе і ў колькі адбудзецца сустрэча, нам невядома", — падкрэсліў Марчукоў.

Пры гэтым ён не змог пацвердзіць, што сустрэча адбудзецца. "Можа, апрача Зурабава ніхто і не прыляціць", — сказаў ён.

Паводле апошняй інфармацыі, якая афіцыйна не пацверджана, сустрэча можа прайсці 1 жніўня.

Нагадаем, вечарам 29 ліпеня прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі распаўсюдзіла інфармацыю пра тэлефонную гутарку з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам "з ініцыятывы ўкраінскага боку". "Прэзідэнт Украіны звярнуўся да кіраўніка беларускай дзяржавы з просьбай прыцягнуць Рэспубліку Беларусь у якасці пляцоўкі для правядзення перамоў з удзелам усіх зацікаўленых бакоў па вырашэнні ўкраінскага крызісу. Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся з такой ініцыятывай", — паведаміла прэс-служба.

Паводле звестак Адміністрацыі прэзідэнта Украіны ў сацыяльнай сетцы "Фэйсбук", Парашэнка звярнуўся да Лукашэнкі з просьбай "спрыяць правядзенню ў Мінску 31 ліпеня пасяджэння трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе з удзелам другога прэзідэнта Украіны Леаніда Кучмы, пасла Расіі Міхаіла Зурабава і прадстаўніка АБСЕ".

Як паведаміў Парашэнка, на абмеркаванне прапануецца вынесці два пытанні: вызваленне ўсіх заложнікаў, якія застаюцца ў баевікоў (168 чалавек), і забеспячэнне допуску міжнародных экспертаў на месца падзення самалёта "Малайзійскіх авіяліній".

Тым часам віцэ-прэм`ер самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі Андрэй Пургін у інтэрв`ю ИТАР-ТАСС 30 ліпеня заявіў, што першачарговым пытаннем на перамовах па ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе, якія маюць адбыцца ў Мінску, павінен стаць абмен палоннымі. "Першачарговым павінна быць пытанне пра абмен ваеннапалоннымі згодна з прынцыпам "ўсіх на ўсіх". Для мяне гэтае пытанне з`яўляецца адным з самых краевугольных", — падкрэсліў ён.

Пургін не чакае прарыву ад мінскай сустрэчы. "Я б хацеў адзначыць, што гэта яшчэ не паўнавартасныя перамовы, а толькі кансультацыі. І я зусім не ўпэўнены, што наступным захадам можа стаць пачатак перамоў аб поўным спыненні кровапраліцця ў Данбасе", — заявіў ён.

У той жа дзень прэм`ер-міністр самаабвешчанай рэспублікі Аляксандр Барадай пацвердзіў РІА Новости, што прадстаўнікі ДНР збіраюцца ўзяць удзел у пасяджэнні ў Мінску. "У якім-небудзь выглядзе будзем прысутнічаць, не хвалюйцеся. Калі пасяджэнне наогул будзе", — дадаў ён.

Хто менавіта будзе прадстаўляць ДНР на перамовах, Барадай гаварыць адмовіўся, спаслаўшыся на патрабаванні сакрэтнасці. Ён таксама назваў "дачасным" гаварыць пра тое, якія пытанні будуць абмяркоўвацца на пасяджэнні групы.

Віцэ-прэм`ер Украіны Уладзімір Гройсман на брыфінгу ў Кіеве 30 ліпеня паведаміў, што прадстаўнікі Кіева гатовы прыбыць у Мінск на перамовы кантактнай групы па Украіне.

"Прэзідэнт Украіны ўпаўнаважыў наш бок кантактнай групы вылецець заўтра ў Мінск і правесці кансультацыі для таго, каб нашы патрабаванні былі выкананыя. Мы хочам, каб з боку АБСЕ быў ажыццёўлены належны кантроль за тым, каб усе былі перакананыя, што з боку ўкраінскай арміі не вядзецца абстрэл тэрыторыі, аб якой ідзе размова (зона падзення малайзійскага Boeing)", — сказаў Гройсман.

Ён таксама дадаў: "Заўтра Украіна праз сваіх прадстаўнікоў у кантактнай групе выставіць сур`ёзныя патрабаванні наконт доступу на тэрыторыю, дзе ёсць абломкі збітага самалёта. Гэта наша прынцыповая пазіцыя, і ўсе сродкі, якія прадугледжаны гэтай кантактнай групай, будуць задзейнічаныя".

Паводле слоў Гройсмана, неадкладна допуск экспертаў да месца крушэння самалёта з`яўляецца патрабаваннем № 1 прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі.

Прэс-сакратар Спецыяльнай назіральнай місіі АБСЕ ва Украіне Майкл Бацюркіў у каментарыі БелаПАН заявіў: "Сустрэча трохбаковай кантактнай групы (прадстаўнікі Украіны, Расіі і АБСЕ) чакаецца ў Мінску 31 ліпеня з удзелам прадстаўнікоў сепаратысцкіх груп з усходніх абласцей Украіны".
Арцём Шрайбман, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН