Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/07/31/717449_717461/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 11:58
31.07.2014 14:04 Палітыка

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, перамовы па Украіне пройдуць сёння ў рэзідэнцыі Заслаўе

Мінск, 31 ліпеня. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, сустрэча трохбаковай групы (Украіна — Расія — АБСЕ) па сітуацыі ва Украіне пройдзе 31 ліпеня ў дзяржаўнай рэзідэнцыі Заслаўе. Пра гэта паведамляюць некаторыя СМІ, у тым ліку тэлеканал "Россия-24", са спасылкай на блізкія да перамоў крыніцы. Афіцыйнай інфармацыі пра дату, месца і фармат перамоў па-ранейшаму няма.

Між тым у пасольстве РФ у Беларусі БелаПАН паведамілі, што ў Мінск ужо прыбыў пасол Расіі ва Украіне Міхаіл Зурабаў, які павінен узяць удзел у перамовах.

Інфармацыі аб прыбыцці іншых удзельнікаў няма. Напярэдадні паведамлялася пра ўдзел у мінскай сустрэчы экс-прэзідэнта Украіны Леаніда Кучмы. Аднак у дабрачынным фондзе "Украіна", якім ён кіруе, БелаПАН адмовіліся паведаміць, ці прыедзе Кучма ў Беларусь, заявіўшы толькі, што "Леанід Данілавіч у адпачынку". 

Невядома таксама, ці будуць запрошаныя на перамовы прадстаўнікі СМІ. 

Нагадаем, вечарам 29 ліпеня прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі распаўсюдзіла інфармацыю пра тэлефонную гутарку з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам "з ініцыятывы ўкраінскага боку". "Прэзідэнт Украіны звярнуўся да кіраўніка беларускай дзяржавы з просьбай прыцягнуць Рэспубліку Беларусь у якасці пляцоўкі для правядзення перамоў з удзелам усіх зацікаўленых бакоў па вырашэнні ўкраінскага крызісу. Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся з такой ініцыятывай", — паведаміла прэс-служба.

Паводле звестак Адміністрацыі прэзідэнта Украіны, Парашэнка звярнуўся да Лукашэнкі з просьбай "спрыяць правядзенню ў Мінску 31 ліпеня пасяджэння трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе з удзелам другога прэзідэнта Украіны Леаніда Кучмы, пасла Расіі Міхаіла Зурабава і прадстаўніка АБСЕ".

Як паведаміў Парашэнка, на абмеркаванне прапануецца вынесці два пытанні: вызваленне ўсіх заложнікаў, якія застаюцца ў баевікоў (168 чалавек), і забеспячэнне допуску міжнародных экспертаў на месца падзення самалёта "Малайзійскіх авіяліній".

Тым часам прэм`ер-міністр самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі (ДНР) Аляксандр Барадай заявіў РИА Новости, што прадстаўнікі ДНР збіраюцца ўзяць удзел у пасяджэнні ў Мінску. "У якім-небудзь выглядзе будзем прысутнічаць, не хвалюйцеся. Калі пасяджэнне наогул будзе", — дадаў ён. Хто менавіта будзе прадстаўляць ДНР на перамовах, Барадай гаварыць адмовіўся, спаслаўшыся на патрабаванні сакрэтнасці. Ён таксама назваў "дачасным" гаварыць пра тое, якія пытанні будуць абмяркоўвацца на пасяджэнні групы.

Віцэ-прэм`ер Украіны Уладзімір Гройсман на брыфінгу ў Кіеве 30 ліпеня паведаміў, што прадстаўнікі Кіева гатовыя прыбыць у Мінск на перамовы кантактнай групы па Украіне.

"Прэзідэнт Украіны ўпаўнаважыў наш бок кантактнай групы вылецець заўтра ў Мінск і правесці кансультацыі для таго, каб нашы патрабаванні былі выкананыя. Мы хочам, каб з боку АБСЕ быў ажыццёўлены належны кантроль за тым, каб усе былі перакананыя, што з боку ўкраінскай арміі не вядзецца абстрэл тэрыторыі, аб якой ідзе размова (зона падзення малайзійскага Boeing)", — сказаў Гройсман.

Ён таксама дадаў: "Заўтра Украіна праз сваіх прадстаўнікоў у кантактнай групе выставіць сур`ёзныя патрабаванні наконт доступу на тэрыторыю, дзе ёсць абломкі збітага самалёта. Гэта наша прынцыповая пазіцыя, і ўсе сродкі, якія прадугледжаныя гэтай кантактнай групай, будуць задзейнічаныя".

Прэс-сакратар спецыяльнай назіральнай місіі АБСЕ ва Украіне Майкл Бацюркіў у каментарыі БелаПАН заявіў: "Сустрэча трохбаковай кантактнай групы (прадстаўнікі Украіны, Расіі і АБСЕ) чакаецца ў Мінску 31 ліпеня з удзелам прадстаўнікоў сепаратысцкіх груп з усходніх абласцей Украіны".

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН