Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/07/31/717478_717481/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 12:39
31.07.2014 15:35 Палітыка

Лукашэнка: Трэба хоць неяк знізіць абвастрэнне супрацьстаяння ва Украіне

Мінск, 31 ліпеня. Аляксандр Лукашэнка прыняў экс-прэзідэнта Украіны Леаніда Кучму, які прыбыў сёння ў Мінск для ўдзелу ў трохбаковай сустрэчы па ўкраінскай праблематыцы.

Беларусь будзе рабіць усё для нармалізацыі сітуацыі ва Украіне, заявіў кіраўнік дзяржавы. "Усё, што трэба, мы зробім. Вы не чытайце і не слухайце, што тут усякія кажуць пра нейкі піяр, іміджы. Нам нічога гэтага не трэба. Вы гэта добра ведаеце. Пасрэдніцтва я не цярплю наогул, — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА. — Мы будзем разам з вамі рабіць для нашай Украіны ўсё неабходнае, каб хоць неяк знізіць абвастрэнне супрацьстаяння на ўсходзе Украіны. Мы ў гэтым вельмі зацікаўленыя".

"Для нас гэта жыццёва важна з пункта гледжання жыцця нашай Беларусі, а не нейкага там піяру. На крыві, калі гінуць людзі, піяр ніхто не робіць. Таму вы можаце быць упэўнены, што колькі трэба мерапрыемстваў, столькі мы і правядзем для той групы, у якой вы сёння працуеце", — падкрэсліў Лукашэнка.

Паводле слоў беларускага кіраўніка, падчас нядаўняй тэлефоннай гутаркі з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам яны досыць падрабязна абмеркавалі праблемы, якія ўзнікаюць ва Украіне. "Ён папрасіў мяне, каб я пасадзейнічаў арганізацыі працы вашай групы. І калі ён сказаў, што ад Украіны будзеце працаваць вы, я шчыра ўзрадаваўся, — сказаў Лукашэнка, звяртаючыся да Кучмы. — Вы ў гэтай сітуацыі, паводле звестак нашага пасольства, паводзіце сябе вельмі актыўна для таго, каб супакоіць і стабілізаваць сітуацыю ва Украіне. І я ўзрадаваўся, што ваш вопыт быў запатрабаваны".

На думку Лукашэнкі, у перамоўны працэс павінны ўключыцца ўсе — былыя і цяперашні — прэзідэнты Украіны і зрабіць свой унёсак у стабілізацыю сітуацыі ў краіне. "І калі Пётр Парашэнка папрасіў дастойна арганізаваць гэтае мерапрыемства, я яму сказаў: усё зробім, толькі каб было лепш ва Украіне", — расказаў ён.

У сваю чаргу Леанід Кучма заявіў: "Пытанне стаіць рубам — быць Украіне ці не быць. Падзеі апошніх месяцаў больш ствараюць пытанняў, чым адказаў. А адказаў, на жаль, няма дагэтуль. І мы ў нейкай ступені за адказамі прыехалі сюды. З вашай і з Божай дапамогай будзем старацца іх знаходзіць".

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, сустрэча трохбаковай групы (Украіна — Расія — АБСЕ) па сітуацыі ва Украіне пройдзе ў дзяржаўнай рэзідэнцыі Заслаўе. Вядома, што акрамя Леаніда Кучмы ў Мінск прыбыў яшчэ адзін удзельнік перамоў — пасол Расіі ва Украіне Міхаіл Зурабаў.

Афіцыйных каментарыяў на гэтую тэму па-ранейшаму няма. Тым часам з`явілася інфармацыя, што перамовы могуць прайсці не сёння, а заўтра.

Нагадаем, тэлефонная гутарка Лукашэнкі і Парашэнкі адбылася вечарам 29 ліпеня. Як паведаміла прэс-служба беларускага кіраўніка, з ініцыятывы ўкраінскага боку. "Прэзідэнт Украіны звярнуўся да кіраўніка беларускай дзяржавы з просьбай прыцягнуць Рэспубліку Беларусь у якасці пляцоўкі для правядзення перамоў з удзелам усіх зацікаўленых бакоў па вырашэнні ўкраінскага крызісу. Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся з такой ініцыятывай", — перадала прэс-служба.

Пётр Парашэнка ўпаўнаважыў украінскую частку кантактнай групы вылецець 31 ліпеня на кансультацыі ў Мінск.

Пра намер удзельнічаць у мінскай сустрэчы заявіў прэм`ер-міністр самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі Аляксандр Барадай. "У нейкім выглядзе будзем прысутнічаць, не хвалюйцеся. Калі пасяджэнне наогул будзе", — дадаў ён у інтэрв`ю РИА Новости.

Прэс-сакратар спецыяльнай назіральнай місіі АБСЕ ва Украіне Майкл Бацюркіў пацвердзіў БелаПАН, што сустрэча трохбаковай кантактнай групы ў Мінску пройдзе з удзелам прадстаўнікоў сепаратысцкіх груп з усходніх абласцей Украіны.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН