Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/07/31/717506_717508/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 12:47
31.07.2014 16:10 Палітыка

Пад Мінскам праходзіць сустрэча трохбаковай групы па сітуацыі ва Украіне (дапоўнена)

Мінск, 31 ліпеня. У дзяржаўнай рэзідэнцыі Заслаўе пад Мінскам у гэты час праходзіць сустрэча трохбаковай групы (Украіна — Расія — АБСЕ) па сітуацыі ва Украіне, паведаміла БелаПАН крыніца, блізкая да перамоўнага працэсу.
У сустрэчы бяруць удзел экс-прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, пасол Расіі ва Украіне Міхаіл Зурабаў і афіцыйны прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ па пытаннях урэгулявання сітуацыі ва Украіне Адэльхейд Тальявіні.

Згодна з інфармацыяй дзяржаўнага агенцтва БелТА, у перамовах таксама ўдзельнічаюць прадстаўнікі кіраўніцтва самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі (ДНР).

Пакуль невядома, ці плануецца паводле вынікаў перамоў брыфінг або заява для прэсы.

Нагадаем, вечарам 29 ліпеня прэс-служба Аляксандра Лукашэнка распаўсюдзіла інфармацыю пра тэлефонную гутарку з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам "з ініцыятывы ўкраінскага боку". "Прэзідэнт Украіны звярнуўся да кіраўніка беларускай дзяржавы з просьбай прыцягнуць Рэспубліку Беларусь у якасці пляцоўкі для правядзення перамоў з удзелам усіх зацікаўленых бакоў па вырашэнні ўкраінскага крызісу. Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся з такой ініцыятывай", — паведаміла прэс-служба.

Паводле звестак Адміністрацыі прэзідэнта Украіны, Парашэнка звярнуўся да Лукашэнкі з просьбай "спрыяць правядзенню ў Мінску 31 ліпеня пасяджэння трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе з удзелам другога прэзідэнта Украіны Леаніда Кучмы, пасла Расіі Міхаіла Зурабава і прадстаўніка АБСЕ". Як паведаміў Парашэнка, на абмеркаванне прапануецца вынесці два пытанні: вызваленне ўсіх заложнікаў, якія застаюцца ў баевікоў (168 чалавек), і забеспячэнне допуску міжнародных экспертаў на месца падзення самалёта "Малайзійскіх авіяліній".

Парашэнка ўпаўнаважыў украінскую частку кантактнай групы вылецець 31 ліпеня на кансультацыі ў Мінск.

Пра намер удзельнічаць у мінскай сустрэчы заявіў прэм`ер-міністр самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі Аляксандр Барадай. "У нейкім выглядзе будзем прысутнічаць, не хвалюйцеся. Калі пасяджэнне наогул будзе", — дадаў ён у інтэрв`ю РИА Новости.

Прэс-сакратар спецыяльнай назіральнай місіі АБСЕ ва Украіне Майкл Бацюркіў пацвердзіў БелаПАН, што сустрэча трохбаковай кантактнай групы ў Мінску пройдзе з удзелам прадстаўнікоў сепаратысцкіх груп з усходніх абласцей Украіны.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН