Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/07/31/717561_717562/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 12:26
31.07.2014 19:37 Палітыка

Кантактная група дамовілася засцерагчы ад небяспекі доступ да месца катастрофы малайзійскага "Боінга"

Мінск, 31 ліпеня. Кантактная група па Украіне на пасяджэнні ў Мінску вырашыла, што па маршруце місіі АБСЕ да месца крушэння малайзійскага "Боінга" не будуць весціся баявыя дзеянні.
"У межах рабочай групы вырашана, што ў тым калідоры, які сёння быў правераны місіяй АБСЕ з партнёрамі з Нідэрландаў і Аўстраліі, будзе падтрымлівацца спыненне любых баявых дзеянняў", — заявіў на брыфінгу 31 ліпеня віцэ-прэм'ер Украіны, старшыня дзяржкамісіі па расследаванні прычын катастрофы Уладзімір Гройсман, паведамляе РИА Новости.

Нагадаем, у сустрэчы ўдзельнічаюць экс-прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, пасол Расіі ва Украіне Міхаіл Зурабаў і афіцыйны прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ па пытаннях урэгулявання сітуацыі ва Украіне Адэльхейд Тальявіні. Паводле інфармацыі дзяржаўнага агенцтва БелТА, у перамовах таксама ўдзельнічаюць прадстаўнікі кіраўніцтва самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі (ДНР).

Вечарам 29 ліпеня прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі распаўсюдзіла інфармацыю аб тэлефоннай размове з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам "па ініцыятыве ўкраінскага боку". "Прэзідэнт Украіны звярнуўся да кіраўніка беларускай дзяржавы з просьбай прыцягнуць Рэспубліку Беларусь у якасці пляцоўкі для правядзення перамоў з удзелам усіх зацікаўленых бакоў па вырашэнні ўкраінскага крызісу. Аляксандр Лукашэнка згадзіўся з гэтай ініцыятывай", — паведаміла прэс-служба.

Паводле звестак Адміністрацыі прэзідэнта Украіны, Парашэнка звярнуўся да Лукашэнкі з просьбай "садзейнічаць правядзенню ў Мінску 31 ліпеня пасяджэння трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе з удзелам другога прэзідэнта Украіны Леаніда Кучмы, пасла Расіі Міхаіла Зурабава і прадстаўніка АБСЕ". Як паведаміў Парашэнка, на абмеркаванне прапаноўваецца вынесці два пытанні: вызваленне ўсіх заложнікаў, якія застаюцца ў баевікоў (168 чалавек), і забеспячэнне допуску міжнародных экспертаў на месца падзення самалёта "Малайзійскіх авіяліній".

Парашэнка ўпаўнаважыў украінскую частку кантактнай групы вылецець 31 ліпеня на кансультацыі ў Мінск.

Аб намеры ўдзельнічаць у мінскай сустрэчы заявіў прэм'ер-міністр самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі Аляксандр Барадай. "У нейкім выглядзе будзем прысутнічаць, не хвалюйцеся. Калі пасяджэнне наогул будзе", — дадаў ён у інтэрв'ю РІА Новости.

Прэс-сакратар спецыяльнай наглядальнай місіі АБСЕ ва Украіне Майкл Бацюркіў пацвердзіў БелаПАН, што сустрэча трохбаковай кантактнай групы ў Мінску пройдзе з удзелам прадстаўнікоў сепаратысцкіх груп з усходніх абласцей Украіны.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН