Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/08/01/717620_717621/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 12:12
01.08.2014 10:07 Палітыка, Грамадства

Кантактная група па Украіне на сустрэчы ў Мінску дамовілася аб вызваленні значнай колькасці заложнікаў на Данбасе

Мінск, 1 жніўня. Падчас сустрэчы кантактнай групы па Украіне, якая прайшла 31 ліпеня ў Мінску, дасягнута дамоўленасць аб вызваленні значнай колькасці заложнікаў на Данбасе. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні прэс-службы АБСЕ.
Нагадаем, у сустрэчы, якая прайшла ў дзяржаўнай рэзідэнцыі "Заслаўе" бралі ўдзел экс-прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, пасол Расіі ва Украіне Міхаіл Зурабаў і афіцыйны прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ па пытаннях урэгулявання сітуацыі ва Украіне Адэльхейд Тальявіні, а таксама прадстаўнікі кіраўніцтва самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі (ДНР).

"Удзельнікі [сустрэчы] абмеркавалі сітуацыю з заложнікамі і іншымі незаконна затрыманымі падчас канфлікту людзьмі. У якасці першачарговага кроку прынята абавязацельства аб неадкладным вызваленні значнай колькасці затрыманых", — зазначаецца ў паведамленні.

Было падкрэслена, што вызваленне заложнікаў і іншых незаконна затрыманых людзей з`яўляецца важным элементам для забеспячэння ўзгодненага бакамі і стабільнага перамір`я. "Іншыя элементы ўключаюць у сябе механізм назірання і кантролю над выкананнем пагаднення аб спыненні агню, а таксама эфектыўны кантроль мяжы паміж Украінай і Расійскай Федэрацыяй", — зазначаецца ў паведамленні.

Удзельнікі сустрэчы таксама абмеркавалі сітуацыю вакол месца падзення самалёта "Малайзійскіх авіяліній" і падкрэслілі неабходнасць далейшай арганізацыі бяспечнага доступу да месца здарэння міжнародных следчых.

Кантактная група таксама дамовілася аб правядзенні новай сустрэчы на наступным тыдні.

Нагадаем, вечарам 29 ліпеня прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі распаўсюдзіла інфармацыю аб тэлефоннай размове з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам "па ініцыятыве ўкраінскага боку". "Прэзідэнт Украіны звярнуўся да кіраўніка беларускай дзяржавы з просьбай прыцягнуць Рэспубліку Беларусь у якасці пляцоўкі для правядзення перамоў з удзелам усіх зацікаўленых бакоў па вырашэнні ўкраінскага крызісу. Аляксандр Лукашэнка згадзіўся з гэтай ініцыятывай", — паведаміла прэс-служба.

Паводле звестак Адміністрацыі прэзідэнта Украіны, Парашэнка звярнуўся да Лукашэнкі з просьбай "садзейнічаць правядзенню ў Мінску 31 ліпеня пасяджэння трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе з удзелам другога прэзідэнта Украіны Леаніда Кучмы, пасла Расіі Міхаіла Зурабава і прадстаўніка АБСЕ". Як паведаміў Парашэнка, на абмеркаванне прапаноўваецца вынесці два пытанні: вызваленне ўсіх заложнікаў, якія застаюцца ў баевікоў (168 чалавек), і забеспячэнне допуску міжнародных экспертаў на месца падзення самалёта "Малайзійскіх авіяліній".

Парашэнка ўпаўнаважыў украінскую частку кантактнай групы вылецець 31 ліпеня на кансультацыі ў Мінск.
Аб намеры ўдзельнічаць у мінскай сустрэчы заявіў прэм`ер-міністр самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі Аляксандр Барадай. "У нейкім выглядзе будзем прысутнічаць, не хвалюйцеся. Калі пасяджэнне наогул будзе", — дадаў ён у інтэрв`ю РІА Новости.

Прэс-сакратар спецыяльнай наглядальнай місіі АБСЕ ва Украіне Майкл Бацюркіў пацвердзіў БелаПАН, што сустрэча трохбаковай кантактнай групы ў Мінску пройдзе з удзелам прадстаўнікоў сепаратысцкіх груп з усходніх абласцей Украіны.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН