Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/08/01/717652_717657/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 12:43
01.08.2014 11:48 Палітыка, Грамадства

Кантактная група па Украіне дамовілася аб вызваленні на першым этапе 20 чалавек з кожнага з бакоў

Мінск, 1 жніўня. Кантактная група па Украіне на пасяджэнні ў Мінску 31 ліпеня дамовіліся аб вызваленні на першым этапе 20 захопленых падчас сутыкненняў на Данбасе асоб з кожнага з  бакоў. Пра гэта ў інтэрв'ю агенцтву "Інтэрфакс-Украіна" паведаміў адзін з удзельнікаў сустрэчы, былы прэзідэнт Украіны Леанід Кучма.

"20 чалавек будуць вызваленыя ў хуткім часе, — сказаў ён. — Мы атрымалі абяцанне (ад сепаратыстаў — БелаПАН.) перадаць таксама асабістыя рэчы загінулых на борце "Боінга". У хуткім часе будуць вызначаныя дадатковыя маршруты для экспертаў, якія выязджаюць на месца катастрофы".

Паводле звестак Кучмы, раніцай 1 жніўня эксперты зноў выехалі на месца падзення самалёта "Малайзійскіх авіяліній".

Нагадаем, вечарам 29 ліпеня прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі распаўсюдзіла інфармацыю аб тэлефоннай размове з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам "па ініцыятыве ўкраінскага боку". "Прэзідэнт Украіны звярнуўся да кіраўніка беларускай дзяржавы з просьбай прыцягнуць Рэспубліку Беларусь у якасці пляцоўкі для правядзення перамоў з удзелам усіх зацікаўленых бакоў па вырашэнні ўкраінскага крызісу. Аляксандр Лукашэнка згадзіўся з гэтай ініцыятывай", — паведаміла прэс-служба.

Паводле звестак Адміністрацыі прэзідэнта Украіны, Парашэнка звярнуўся да Лукашэнкі з просьбай "садзейнічаць правядзенню ў Мінску 31 ліпеня пасяджэння трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на Данбасе з удзелам другога прэзідэнта Украіны Леаніда Кучмы, пасла Расіі Міхаіла Зурабава і прадстаўніка АБСЕ". Як паведаміў Парашэнка, на абмеркаванне прапаноўваецца вынесці два пытанні: вызваленне ўсіх заложнікаў, якія застаюцца ў баевікоў (168 чалавек), і забеспячэнне допуску міжнародных экспертаў на месца падзення самалёта "Малайзійскіх авіяліній".

Парашэнка ўпаўнаважыў украінскую частку кантактнай групы вылецець 31 ліпеня на кансультацыі ў Мінск.

Аб намеры ўдзельнічаць у мінскай сустрэчы заявіў прэм`ер-міністр самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі Аляксандр Барадай. "У нейкім выглядзе будзем прысутнічаць, не хвалюйцеся. Калі пасяджэнне наогул будзе", — дадаў ён у інтэрв`ю РІА Новости.

Прэс-сакратар спецыяльнай наглядальнай місіі АБСЕ ва Украіне Майкл Бацюркіў пацвердзіў БелаПАН, што сустрэча трохбаковай кантактнай групы ў Мінску пройдзе з удзелам прадстаўнікоў сепаратысцкіх груп з усходніх абласцей Украіны.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН