Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/08/01/717716_717718/
Дата раздрукоўкі: 20.09.2019 21:21
01.08.2014 15:52 Палітыка

Больш за 60 міжнародных экспертаў пачалі працу на месцы крушэння самалёта "Малайзійскіх авіяліній" ва Украіне

Мінск, 1 жніўня. Больш за 60 міжнародных экспертаў, сярод якіх прадстаўнікі Нідэрландаў і Аўстраліі, 1 жніўня распачалі пошукавыя работы на месцы катастрофы "Боінга-777" "Малайзійскіх авіяліній" у Данецкай вобласці, паведамляе Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) на сваёй старонцы ў "Твітары".

Дамоўленасць зрабіць бяспечным доступ да месца катастрофы самалёта была дасягнута напярэдадні на пасяджэнні трохбаковай (Украіна — Расія — АБСЕ) кантактнай групы па Украіне ў Мінску.

Нагадаем, у сустрэчы ўдзельнічалі экс-прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, пасол Расіі ва Украіне Міхаіл Зурабаў, афіцыйны прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ па пытаннях урэгулявання сітуацыі ва Украіне Адэльхейд Тальявіні, а таксама прадстаўнікі кіраўніцтва самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі (ДНР).

Па выніках перамоў старшыня дзяржкамісіі па расследаванні прычын катастрофы, віцэ-прэм`ер Украіны Уладзімір Гройсман 31 ліпеня на брыфінгу ў Кіеве паведаміў: "У межах рабочай групы вырашана, што ў тым калідоры, які сёння быў правераны місіяй АБСЕ з партнёрамі з Нідэрландаў і Аўстраліі, будзе падтрымлівацца спыненне любых баявых дзеянняў".

Раней міжнародныя эксперты скардзіліся на тое, што не могуць працаваць у сувязі з тым, што сепаратысты абмяжоўваюць ім доступ да месца крушэння самалёта, а таксама з-за баявых дзеянняў, якія вядуцца на гэтай тэрыторыі.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН