Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/08/01/eu_eu_717696_717702/
Дата раздрукоўкі: 20.09.2019 21:22
01.08.2014 14:20 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

Брытанія вітае рашэнне Беларусі стаць пляцоўкай для перамоў па сітуацыі ва Украіне

Мінск, 1 жніўня. Вялікабрытанія вітае рашэнне Беларусі стаць пляцоўкай для перамоў па сітуацыі ва Украіне, але гэта не можа сур'ёзна палепшыць беларуска-еўрапейскія адносіны. Такое меркаванне выказаў у эксклюзіўным інтэрв'ю БелаПАН пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Брус Бакнэл.

"Я спадзяюся, што будзе дасягнутае рашэнне па пытанні малайзійскага рэйса, але я ў гэтым не ўпэўнены", — адзначыў Бакнэл (інтэрв'ю было дадзена да абвяшчэння 31 ліпеня першых вынікаў перамоў).

"Вядома, — падкрэсліў пасол, — мы вітаем рашэнне Беларусі стаць пляцоўкай для перамоў паміж Расіяй, Украінай, АБСЕ і іншымі бакамі не толькі па сітуацыі ва Украіне, але асабліва па катастрофе рэйса MH-17. Вы разумееце, для нас гэта катастрофа — дзесяць грамадзян Вялікабрытаніі былі забітыя. Для нас гэта прыярытэт".

"І хоць яшчэ рана рабіць катэгарычныя высновы, мы атрымліваем усё больш сведчанняў, што самалёт быў збіты ракетай, выпушчанай прарасійскімі сепаратыстамі", — сказаў Бакнэл.

Вялікабрытанія, паводле яго слоў, занепакоеная тым, што назіральнікі АБСЕ "атрымалі толькі абмежаваны доступ да месца крушэння". "І Савет бяспекі ААН ясна даў зразумець, што міжнародныя эксперты павінны неадкладна атрымаць бесперашкодны доступ. Нас трывожыць магчымая падтасоўка і фальсіфікацыя доказаў за тыя два тыдні, якія прайшлі з моманту катастрофы", — дадаў дыпламат.

На яго думку, неабходна, каб прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін "выкарыстаў свой уплыў на сепаратыстаў з мэтай давання экстраннага доступу да месца крушэння і не забяспечваў іх зброяй, абсталяваннем і магчымасцю трэніровак". "Важна, каб целы ахвяр былі вернутыя іх сем'ям. Мы дагэтуль не атрымалі ўсе целы", — заўважыў Бакнэл.

Пры гэтым ён не пагадзіўся з меркаваннем шэрагу беларускіх палітолагаў аб тым, што факт давання Беларуссю пляцоўкі для перамоў па сітуацыі ва Украіне здольны сур'ёзна палепшыць беларуска-еўрапейскія адносіны.

"Вырашэнне праблемы на ўсходзе Украіны і адносіны Беларусі з Еўрасаюзам — дзве вельмі розныя рэчы. Беларусь забяспечвае пляцоўку — гэта толькі месца для перамоў. Тое, што Беларусь дае нейтральную тэрыторыю, — гэта добра, але мы павінны рухацца асцярожна. Умовы для паляпшэння адносін застаюцца ранейшымі", — падкрэсліў брытанскі дыпламат.

Ён, у прыватнасці, адзначыў, што Еўрасаюз вітае нядаўняе вызваленне праваабаронцы Алеся Бяляцкага. "Але ёсць і іншыя палітзняволеныя, у дзяржавы занадта шмат кантролю над грамадзянскай супольнасцю, ёсць пытанні смяротнай кары, свабоды слова. Мы спадзяемся, што адбудзецца эвалюцыя — не рэвалюцыя, а эвалюцыя. Ёсць сферы, у якіх дзяржава можа працаваць над паляпшэннем сітуацыі", — заявіў Брус Бакнэл.

Арцём Шрайбман, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН