Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/08/04/718016_718017/
Дата раздрукоўкі: 20.09.2019 22:00
04.08.2014 13:36 Палітыка, Эканоміка

Аляксандр Лукашэнка і Пётр Парашэнка пагутарылі па тэлефоне

Мінск, 4 жніўня. "Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі гандлёвыя адносіны паміж краінамі, іншыя актуальныя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва, а таксама ўзаемадзеянне ў межах Мытнага саюза", — паведаміла 4 жніўня прэс-служба Лукашэнкі.
"Асаблівую ўвагу прэзідэнты надалі тэме паставак нафтапрадуктаў з Беларусі ва Украіну. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь разумее вастрыню гэтага пытання з улікам уборачнай кампаніі, і таму, нягледзячы на ўнутраныя патрэбы, акажа садзеянне Украіне ў забеспячэнні яе эканомікі нафтапрадуктамі", — адзначаецца ў паведамленні. Па чыёй ініцыятыве адбылася размова, не ўказана.

Апошні раз Лукашэнка і Парашэнка размаўлялі па тэлефоне 29 ліпеня па ініцыятыве ўкраінскага лідара. "Прэзідэнт Украіны звярнуўся да кіраўніка беларускай дзяржавы з просьбай прыцягнуць Рэспубліку Беларусь у якасці пляцоўкі для правядзення перамоў з удзелам усіх зацікаўленых бакоў па вырашэнні ўкраінскага крызісу. Аляксандр Лукашэнка згадзіўся з гэтай ініцыятывай", — паведаміла тады прэс-служба прэзідэнта Беларусі.

31 ліпеня пад Мінскам, у дзяржаўнай рэзідэнцыі Заслаўе, адбылася першая сустрэча трохбаковай кантактнай групы (Украіна — Расія — АБСЕ). У ёй удзельнічалі экс-прэзідэнт Украіны Леанід Кучма, пасол Расіі ва Украіне Міхаіл Зурабаў і афіцыйны прадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ па пытаннях урэгулявання сітуацыі ва Украіне Адэльхейд Тальявіні, а таксама прадстаўнікі кіраўніцтва самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі (ДНР), прозвішчы якіх не называліся. Між тым у мінулыя выхадныя СМІ растыражыравалі фотаздымак, зроблены падчас перамоў, на якім выяўлены чалавек, вельмі падобны да віцэ-прэм'ера ДНР Андрэя Пургіна.

Удзельнікі абмеркавалі сітуацыю з заложнікамі і іншымі незаконна затрыманымі падчас канфлікту людзьмі. У якасці першачарговага кроку было "прынята абавязацельства аб неадкладным вызваленні значнай колькасці затрыманых". Пазней Леанід Кучма ўдакладніў, што размова ідзе пра 20 асобаў з кожнага боку. На перамовах таксама абмяркоўвалася сітуацыя вакол месца крушэння самалёта "Малайзійскіх авіяліній". Была падкрэслена неабходнасць далейшай арганізацыі бяспечнага доступу да месца здарэння міжнародных следчых. Паведамлялася таксама, што кантактная група дамовілася аб правядзенні новай сустрэчы на наступным (гэта значыць, на цяперашнім. — БелаПАН.) тыдні.

Між тым, дата чарговай сустрэчы кантактнай групы пакуль не называецца.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН