Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/08/04/718150_718151/
Дата раздрукоўкі: 20.09.2019 21:20
04.08.2014 19:36 Палітыка, Эканоміка

Дэпутат Дзярждумы прапаноўвае спыніць пастаўкі нафты ў Беларусь у адказ на абяцанне Мінска дапамагчы Кіеву нафтапрадуктамі

Мінск, 4 жніўня. Член камітэта Дзяржаўнай думы РФ па справах СНД, еўразійскай інтэграцыі і сувязях з суайчыннікамі Раман Худзякоў прапаноўвае спыніць пастаўкі нафты ў Беларусь у адказ на абяцанне Мінска дапамагчы Кіеву нафтапрадуктамі.

У інтэр'вю радыёстанцыі "Говорит Москва" палітык заявіў, што ўражаны гэтай навіной.

"Мы ўсе добра ведаем, што Украіна пры дапамозе гэтых гаруча-змазачных сродкаў запраўляе танкі, бронетранспарцёры і іншую ваенную тэхніку, якая ўдзельнічае ў баях у Данецкай і Луганскай абласцях. Няўжо Лукашэнка не разумее, што, дапамагаючы Парашэнку, ён знішчае брацкі народ Украіны?!" — абураны дэпутат. Ён падкрэсліў, што лічыць дзеянні беларускага лідара недружалюбнымі ў дачыненні да Расіі і "неасэнсаванымі".

"Калі Беларусь пойдзе на такі крок і будзе, па сутнасці, фінансаваць вайну супраць Данецка і Луганска, тады мы, я лічу, павінны поўнасцю спыніць пастаўкі любых гаруча-змазачных матэрыялаў на тэрыторыю гэтай дзяржавы", — заявіў Худзякоў.

Нагадаем, як паведаміла прэс-служба прэзідэнта Беларусі, падчас тэлефоннай гутаркі 4 жніўня Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам "асаблівую ўвагу прэзідэнты надалі тэме паставак нафтапрадуктаў з Беларусі ва Украіну". "Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь разумее вастрыню гэтага пытання з улікам уборачнай кампаніі і таму, нягледзячы на ўнутраныя патрэбнасці, акажа садзейнічанне Украіне ў забеспячэнні яе эканомікі нафтапрадуктамі", — гаварылася ў паведамленні.

У інфармацыі пра тэлефонную гутарку кіраўнікоў дзвюх дзяржаў, распаўсюджанай прэс-службай прэзідэнта Украіны, не згадвалася аб пастаўках нафтапрадуктаў з Беларусі.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН