Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/08/13/720041_720043/
Дата раздрукоўкі: 20.09.2019 21:12
13.08.2014 22:20 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка зноў абмеркаваў з Пуціным і Назарбаевым ініцыятыву сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі, Казахстана, Расіі і Украіны

Мінск, 13 жніўня. Аляксандр Лукашэнка 13 жніўня зноў абмеркаваў з Уладзімірам Пуціным і Нурсултанам Назарбаевым ініцыятыву сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі, Казахстана, Расіі і Украіны. Тэлефонная размова Лукашэнкі і Пуціна сёння адбылася двойчы, паведамляе прэс-служба кіраўніка беларускай дзяржавы.
"Прэзідэнты Беларусі і Расіі глыбока абмеркавалі функцыянаванне Еўразійскага эканамічнага саюза ва ўмовах увядзення Расійскай Федэрацыяй эмбарга на шэраг катэгорый замежнай прадукцыі і звязаныя з гэтым пытанні транзіту забароненага грузу па Беларусі", — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.

Пільную ўвагу Лукашэнка і Пуцін надалі таксама сітуацыі ва Украіне ў сувязі з падпісаннем ёю пагаднення аб асацыяцыі з Еўрапейскім саюзам і забаронай на ўвоз асобных тавараў з Украіны ў Расійскую Федэрацыю.

Прэзідэнт Расіі падрабязна праінфармаваў Аляксандра Лукашэнку аб праблемах, што ўзніклі з дастаўкай гуманітарнага грузу насельніцтву, якое жыве на ўкраінскіх тэрыторыях, дзе вядуцца баявыя дзеянні.

"Адной з цэнтральных тэм у чарговы раз стала ініцыятыва аб правядзенні сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі, Казахстана, Расіі, Украіны. Прэзідэнт Беларусі даўно прапанаваў правесці яе ў Мінску, каб абмеркаваць тыя праблемы, якія могуць узнікнуць ва Украіны з Мытным саюзам у сувязі з падпісаннем пагаднення аб асацыяцыі з ЕС і працягам там канфрантацыі. Аб прапрацоўцы такой ідэі Аляксандр Лукашэнка ўпершыню публічна заявіў на сустрэчы з лідарамі кампартый Расіі і Украіны Генадзем Зюганавым і Пятром Сіманенкам", — адзначае прэс-служба.

Да пытання правядзення такое сустрэчы кіраўнікі дзяржаў звяртаюцца ўжо не першы раз. Абмяркоўваючы яе магчымы фармат, прэзідэнты Беларусі і Расіі падкрэслілі, што ў ёй могуць удзельнічаць і іншыя зацікаўленыя бакі.

Паводле інфармацыі прэс-службы беларускага кіраўніка, тэма будучай сустрэчы стала таксама прадметам абмеркавання ў тэлефоннай размове Аляксандра Лукашэнкі і прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева, якая таксама адбылася сёння.

Лукашэнка праінфармаваў сваіх калег аб праведзенай напярэдадні позна вечарам тэлефоннай размове з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам. Акрамя пытанняў двухбаковага супрацоўніцтва, прэзідэнты Беларусі і Украіны абмеркавалі ўзаемаадносіны Украіны з Мытным саюзам і магчымы фармат, а таксама месца правядзення сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў Беларусі, Казахстана, Расіі, Украіны.

"У ходзе перамоў прэзідэнты дамовіліся прадоўжыць актыўныя кантакты па пазначаных актуальных пытаннях", — паведамляе прэс-служба кіраўніка беларускай дзяржавы.

Нагадаем, 8 жніўня, прымаючы ў Мінску лідараў кампартый Расіі і Украіны Генадзя Зюганава і Пятра Сіманенку, Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што ў найбліжэйшы час плануецца сустрэча з удзелам прэзідэнтаў мытнай "тройкі" і, магчыма, Украіны. "У найбліжэйшы час мы плануем — прэзідэнты Беларусі, Расіі, Казахстана, Украіны (калі Украіна на гэта пойдзе, хаця адмовы няма) — правесці шэраг сустрэч для таго, каб прынцыпова абмеркаваць, што ж адбываецца тут у нас", — сказаў Лукашэнка. "Хто б калісьці мог падумаць, што сярод трох дзяржаў, славянскіх, самых блізкіх і родных народаў, можа ўзнікнуць такая каша на поўдні нашай, не пабаюся гэтага слова, Айчыны", — дадаў ён.

12 жніўня адбылася тэлефонная размова Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам. "Суразмоўцы абмеркавалі сумесныя намаганні для наладжвання міжнароднага дыялогу для вырашэння гуманітарных пытанняў. Прэзідэнты таксама абмеркавалі шырокі спектр двухбаковых адносінаў, у прыватнасці зняцце штучных бар`ераў у гандлі паміж Беларуссю і Украінай", — паведаміла прэс-служба прэзідэнта Украіны.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН