Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/08/14/720197_720201/
Дата раздрукоўкі: 20.09.2019 21:18
14.08.2014 17:18 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка зноў заяўляе пра магчымую сустрэчу з Пуціным, Назарбаевым і Парашэнкам ў Мінску

Мінск, 14 жніўня. Прэзідэнты краін — членаў Мытнага саюза гатовы правесці ў Мінску сустрэчу са сваім украінскім калегам Пятром Парашэнкам. Пра гэта ў чарговы раз заявіў беларускі кіраўнік падчас сённяшняга наведвання Бярозаўскай ДРЭС.
Паводле яго слоў, "ёсць такая ідэя, бо ўзнікае маса пытанняў", па-першае, у сувязі з падпісаннем Украінай Дагавора аб асацыяцыі з ЕС. "Мы вельмі насцярожаныя гэтым і баімся, каб тавары з Еўрасаюза па нулявой пошліне праз Украіну не пайшлі ў Беларусь, Расію і Казахстан і не задушылі нашы эканомікі. Гэта натуральна, гэта апасенні любой дзяржавы, таму мы за гэта вельмі перажываем", — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

"Па-другое, у сувязі з увядзеннем Расіяй эмбарга на пастаўкі некаторых тавараў у Расійскую Федэрацыю стварылася іншая сітуацыя, і нам было б вельмі важна ў Мытным саюзе абмеркаваць гэтую другую праблему", — заявіў кіраўнік дзяржавы. 

"Я сказаў сваім калегам: давайце прапануем Пятру Парашэнку, няхай падключаецца да абмеркавання гэтых праблем і іншых, якія ёсць ва Украіне, калі ён гэтага жадае, абмяркуем гэтыя пытанні, іх усё роўна не абысці. Для Украіны яны вельмі важныя, таму што Расія паціхеньку закрывае пастаўкі з Украіны некаторых тавараў. Вось нядаўна прагучала пытанне ўжо аб алкаголі, яшчэ раней — малочка, мясная прадукцыя", — сказаў Лукашэнка.

Ён нагадаў, што напярэдадні двойчы размаўляў і з Уладзімірам Пуціным, і з Нурсултанам Назарбаевым, а 12 жніўня позна вечарам абмяркоўваў гэтую праблему з Пятром Парашэнкам.

"Усе не адмаўляюць, усе гатовы прыехаць у Мінск. Выказаліся нават за тое, каб нейкі іншы бок, дапусцім, Еўрапейскі саюз, ЗША, калі яны зацікаўленыя ў нармалізацыі сітуацыі — эканамічнай, ваеннай і палітычнай. Давайце сядзем у Мінску і пагаворым. Мы нікога не адхіляем. Гэта агульная пазіцыя трох прэзідэнтаў Еўразійскага эканамічнага саюза. Чакаем. Захоча Украіна абмяркоўваць гэтыя пытанні — калі ласка, будзем іх абмяркоўваць у прысутнасці каго заўгодна. Яшчэ раз падкрэсліваю: мы гатовы, каб сюды прыехалі і ўдзельнічалі ў абмеркаванні гэтых праблем і еўрапейцы, і амерыканцы, і афрыканцы — хто заўгодна, толькі б быў нейкі зрух", — заявіў Лукашэнка.

Ён яшчэ раз падкрэсліў, што цяпер рашэнне за Украінай. "Прыме яна рашэнне абмяркоўваць гэтыя праблемы — сустрэнемся, абмяркуем, не прыме — гэта яе права", — сказаў Лукашэнка.
Арцём Шрайбман, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН