Пуцін, Парашэнка і Барозу гатовыя сустрэцца

EUobserver паведамляе, што Пуцін, Парашэнка і Барозу абмяркуюць "спрэчкі, звязаныя з газам і пагадненнем аб зоне свабоднага гандлю паміж ЕС і Украінай". Час і месца правядзення перамоў пакуль невядома.
Раней, нагадаем, паведамлялася пра магчымую сустрэчу трох прэзідэнтаў краін — членаў Мытнага саюза з Пятром Парашэнкам у Мінску. Падчас наведвання Бярозаўскай ДРЭС 14 жніўня Аляксандр Лукашэнка, у прыватнасці, заявіў: "Ёсць такая ідэя, паколькі ўзнікае маса пытанняў". Пытанні гэтыя, паводле яго слоў, звязаныя з падпісаннем Украінай Дагавора аб асацыяцыі з ЕС, а таксама з увядзеннем Расіяй забароны на пастаўкі некаторых тавараў у Расійскую Федэрацыю. "Нам было б вельмі важна ў Мытным саюзе абмеркаваць гэту другую праблему", — падкрэсліў Лукашэнка.
Ён таксама паведаміў, што 13 жніўня двойчы размаўляў і з Уладзімірам Пуціным, і з Нурсултанам Назарбаевым, а 12 жніўня позна вечарам абмяркоўваў магчымасць сустрэчы з Пятром Парашэнкам. "Ніхто не адмаўляе, усе гатовыя прыехаць у Мінск. Выказаліся нават за тое, каб нейкі іншы бок, скажам Еўрапейскі саюз, ЗША, калі яны зацікаўленыя ў нармалізацыі сітуацыі — эканамічнай, ваеннай і палітычнай. Давайце сядзем у Мінску і пагаворым. Мы нікога не адкідваем. Гэта агульная пазіцыя трох прэзідэнтаў Еўразійскага эканамічнага саюза. Чакаем. Захоча Украіна абмяркоўваць гэтыя пытанні — калі ласка, будзем іх абмяркоўваць у прысутнасці каго хочаце. Яшчэ раз падкрэсліваю: мы гатовыя, каб сюды прыехалі і бралі ўдзел у абмеркаванні гэтых праблем і еўрапейцы, і амерыканцы, і афрыканцы — хто хочаце, абы быў нейкі зрух", — заявіў Лукашэнка.
14 жніўня саветнік прэзідэнта Украіны Юрый Луцэнка ў праграме "Время. Итоги дня" на ўкраінскім 5 канале пацвердзіў атрыманне запрашэння на перамовы ад лідараў краін Мытнага саюза. "Адміністрацыя прэзідэнта Украіны цяпер высвятляе, пра што гаворка, таму што нам не паведамілі, аб чым плануюць гаварыць кіраўнікі дзяржаў. Хоць карысныя размовы — гэта лепш, чым вайна, але трэба ўсё ж разумець, што будзе адбывацца ў Мінску", — заявіў саветнік Пятра Парашэнкі.