Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/08/18/720842_720849/
Дата раздрукоўкі: 20.09.2019 21:13
18.08.2014 17:08 Грамадства

У рэестр беларусаў, гатовых дапамагчы ў размяшчэнні ўкраінскіх бежанцаў, на першым этапе ўвайшлі чатыры чалавекі

Мінск, 18 жніўня. У рэестр грамадзян Беларусі, гатовых дапамагчы ў размяшчэнні бежанцаў з Украіны, на першым этапе ўвайшлі чатыры чалавекі, паведаміў БелаПАН актывіст Беларускага камітэта салідарнасці з Украінай (БКСУ) Ігар Рынкевіч.

Нагадаем, рашэнне аб стварэнні такога рэестра было прынята на пасяджэнні БКСУ 6 жніўня па ініцыятыве прадстаўнікоў беларускай арганізацыі "Ліга "Грамадзянскі вердыкт".

Паводле слоў Рынкевіча, адзін з уключаных у рэестр беларусаў — фермер з Магілёўскай вобласці, які гатовы прыняць адразу восем украінцаў, а таксама забяспечыць іх працай.

З украінскага боку цікавасць да рэестра выказалі прыблізна 15 чалавек, аднак, як адзначыў Рынкевіч, камітэт гатовы даць прытулак толькі жанчынам, дзецям і пенсіянерам. "Мы лічым, што мужчыны ад 18 да 60 гадоў па вядомых акалічнасцях павінны заставацца там (ва Украіне. — БелаПАН.). Удзельнікаў сепаратысцкіх дзеянняў мы ў прынцыпе не хацелі б прымаць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь — гэта прынцыповая пазіцыя камітэта. Што да іншых мужчын ад 18 да 60 гадоў, то ў нас няма магчымасці праверыць іх на ўдзел у сепаратысцкіх працэсах, таму мы выставілі такія ўмовы", — адзначыў ён.

Актывіст падкрэсліў, што стварэнне рэестра ўскладняецца адсутнасцю дыялогу з пасольствам Украіны ў Мінску. "Я магу канстатаваць, што апошнія некалькі месяцаў нашы ўзаемаадносіны ўскладніліся незразумелым чынам", — сказаў ён.

Паводле слоў Рынкевіча, камітэт хацеў бы атрымаць дыпламатычную падтрымку ў стварэнні рэестра. "Нам было б важна атрымаць персанальную інфармацыю, калі яны яе маюць, пра некаторых грамадзян, якія да нас звяртаюцца, у прыватнасці пра мужчын ад 18 да 60 гадоў, — адзначыў ён. — Калі ва ўкраінскіх дыпламатаў ёсць персанальныя даныя сепаратыстаў, то, вядома, гэты фільтр быў бы важны для нас".

Тым не менш камітэт мае намер прадоўжыць працу па стварэнні рэестра. Актывісты БКСУ заклікаюць беларусаў правесці інвентарызацыю сваёй нерухомасці для выяўлення свабодных для пражывання месцаў, якія адказваюць санітарным і іншым неабходным умовам. Інфармацыю пра наяўнасць месцаў просяць падаваць на адрас bcsukraine@gmail.com. На гэты ж e-mail грамадзяне Украіны могуць дасылаць свае заявы аб разглядзе іх у якасці наймальнікаў жылых памяшканняў. З умовамі размяшчэння можна азнаёміцца на старонцы камітэта ў "Фейсбуку". БКСУ нагадвае, што замежныя грамадзяне могуць знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі да 90 каляндарных дзён на працягу года.

Анастасія Салановіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН