Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/08/19/eu_eu_721114_721115/
Дата раздрукоўкі: 20.09.2019 21:19
19.08.2014 17:25 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

26 жніўня ў Мінску адбудзецца сустрэча лідараў мытнай "тройкі", Украіны і прадстаўнікоў ЕС

Мінск, 19 жніўня. У Мінску 26 жніўня адбудзецца сустрэча ў фармаце Мытны саюз — ЕС — Украіна. Інфармацыю пра падрыхтоўку мерапрыемства пацвярджаюць у Кіеве, Маскве, Мінску і Бруселі.
У прыватнасці, як паведамляе прэс-служба Еўракамісіі, старшыня ЕК Жазэ Мануэль Барозу ў тэлефоннай гутарцы праінфармаваў прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнку аб тым, што атрымаў запрашэнне ад яго і Уладзіміра Пуціна да ўдзелу ў сустрэчы Мытны саюз — Украіна ў Мінску 26 жніўня.

Барозу папрасіў узяць удзел у гэтай сустрэчы вярхоўнага прадстаўніка ЕС па пытаннях бяспекі і знешняй палітыцы Кэтрын Эштан, адказнага за энергетыку віцэ-старшыню Еўракамісіі Гюнтэра Этынгера і камісара па гандлі Карла дэ Гухта, каб прадстаўляць Еўрапейскі саюз на гэтым мерапрыемстве.

Прэс-служба прэзідэнта Украіны пацвердзіла, што 26 жніўня "ў Мінску адбудзецца сустрэча ў фармаце Украіна — ЕС — "Еўразійская тройка" (Беларусь, Казахстан, Расія) для абмеркавання пытанняў, звязаных з выкананнем Пагаднення аб асацыяцыі паміж Украінай і ЕС, энергетычнай бяспекі і стабілізацыі сітуацыі на Данбасе".

Паведамляецца, што Барозу "падтрымаў ініцыятыву прэзідэнта Украіны аб запрашэнні боку ЕС для ўдзелу ў сустрэчы высокага ўзроўню".

У сваю чаргу, Пётр Парашэнка выказаў падзяку Барозу за гатоўнасць накіраваць адначасова трох членаў Еўрапейскай камісіі. "Такі беспрэцэдэнтны крок з'яўляецца пацвярджэннем салідарнасці і падтрымкі Украіны з боку Еўрапейскага саюза", — прыводзіць словы ўкраінскага прэзідэнта яго прэс-служба.

Прэс-служба Крамля паведаміла, што Уладзімір Пуцін наведае Мінск 26 жніўня для ўдзелу ў сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў Мытнага саюза з прэзідэнтам Украіны, на якой таксама будуць прысутнічаць прадстаўнікі Еўракамісіі. "Адбудзецца шэраг двухбаковых сустрэч", — адзначаецца ў паведамленні.

Прэс-служба беларускага кіраўніка пацвердзіла планы аб правядзенні 26 жніўня ў Мінску сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі, Казахстана, Расіі і Украіны з удзелам прадстаўнікоў Еўрасаюза.

"19 жніўня адбылася тэлефонная гутарка прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам. Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі шырокае кола пытанняў беларуска-ўкраінскіх адносін. Сур'ёзная ўвага была нададзена сітуацыі ва Украіне", — гаворыцца ў паведамленні. Адзначаецца таксама, што рашэнне аб сустрэчы 26 жніўня прынятае "па выніках кансультацый кіраўнікоў дзяржаў Мытнага саюза і Украіны, якія праходзілі на працягу апошніх некалькіх тыдняў".

Нагадаем, на мінулым тыдні паведамлялася пра магчымасць правядзення дзвюх міжнародных сустрэч па ўкраінскай тэматыцы — сустрэчы лідараў краін мытнай "тройкі" з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам у Мінску, а таксама сустрэчы Уладзіміра Пуціна і Пятра Парашэнкі з кіраўніком Еўракамісіі Жазэ Мануэлем Барозу.

Пра магчымасць правядзення ў Мінску перамоў прэзідэнтаў Беларусі, Казахстана, Расіі і Украіны Аляксандр Лукашэнка расказаў 14 жніўня падчас наведвання Бярозаўскай ДРЭС. Ён, у прыватнасці, заявіў: "Ёсць такая ідэя, паколькі ўзнікае маса пытанняў". Пытанні гэтыя, паводле яго слоў, звязаныя з падпісаннем Украінай пагаднення аб асацыяцыі з ЕС, а таксама з увядзеннем Расіяй забароны на пастаўкі некаторых тавараў у Расійскую Федэрацыю. "Нам было б вельмі важна ў Мытным саюзе абмеркаваць гэту другую праблему", — падкрэсліў Лукашэнка.

Ён таксама паведаміў, што 13 жніўня двойчы размаўляў і з Уладзімірам Пуціным, і з Нурсултанам Назарбаевым, а 12 жніўня позна вечарам абмяркоўваў магчымасць сустрэчы з Пятром Парашэнкам.

"Усе не адмаўляюць, усе гатовыя прыехаць у Мінск. Выказаліся нават за тое, каб нейкі іншы бок, скажам Еўрапейскі саюз, ЗША, калі яны зацікаўленыя ў нармалізацыі сітуацыі — эканамічнай, ваеннай і палітычнай, — сказаў Лукашэнка. — Давайце сядзем у Мінску і пагаворым, мы нікога не адхіляем. Гэта агульная пазіцыя трох прэзідэнтаў Еўразійскага эканамічнага саюза. Чакаем. Захоча Украіна абмяркоўваць гэтыя пытанні — калі ласка, будзем іх абмяркоўваць у прысутнасці каго заўгодна. Яшчэ раз падкрэсліваю: мы гатовы, каб сюды прыехалі і бралі ўдзел у абмеркаванні гэтых праблем і еўрапейцы, і амерыканцы, і афрыканцы — хто заўгодна, абы быў нейкі зрух".

14 жніўня саветнік прэзідэнта Украіны Юрый Луцэнка ў праграме "Время. Итоги дня" на ўкраінскім "5-м канале" пацвердзіў атрыманне запрашэння на перамовы ад лідараў краін Мытнага саюза. "Адміністрацыя прэзідэнта Украіны цяпер высвятляе, пра што гаворка, таму што нам не паведамілі, пра што жадаюць гаварыць кіраўнікі дзяржаў. Хоць карысныя гутаркі — гэта лепш, чым вайна, але трэба ўсё ж разумець, што будзе адбывацца ў Мінску", — заявіў саветнік Пятра Парашэнкі.

15 жніўня брусельскае выданне EUobserver паведаміла аб тым, што дасягнута дамоўленасць аб правядзенні сустрэчы Уладзіміра Пуціна, Пятра Парашэнкі і Жазэ Мануэля Барозу. Паведамлялася, што бакі абмяркуюць "спрэчкі, звязаныя з газам і пагадненнем аб зоне свабоднага гандлю паміж ЕС і Украінай".
Арцём Шрайбман, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН