Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/08/20/721326_721332/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 15:43
20.08.2014 17:01 Палітыка, Эканоміка

На сустрэчы ў фармаце МС — Украіна — ЕС у Мінску плануецца абмеркаваць тры асноўныя тэмы

Мінск, 20 жніўня. На сустрэчы прэзідэнтаў краін Мытнага саюза, Украіны і прадстаўнікоў ЕС 26 жніўня ў Мінску плануецца абмеркаваць тры асноўныя тэмы — асацыяцыю Украіны з Еўрасаюзам, аднаўленне трохбаковых перамоў па газе і сітуацыю на ўсходзе Украіны. Аб гэтым паведаміла афіцыйны прадстаўнік Еўракамісіі Шанталь Х`юз 20 верасня на брыфінгу ў Бруселі, паведамляе РІА-Новости.

Х`юз пацвердзіла, што Еўракамісію на сустрэчы прадставяць кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Кэтрын Эштан, віцэ-старшыня ЕК па энергетыцы Гюнтэр Этынгер і еўракамісар па гандлі Карэл дэ Гюхт.

"Мэта сустрэчы для Еўракамісіі — найперш абмеркаваць рэалізацыю пагаднення аб асацыяцыі Украіны і ЕС і пагадненні аб зоне свабоднага гандлю, каб зноў растлумачыць, чаму мы лічым гэта пагадненне станоўчым для ўсяго рэгіёну", — сказала Х`юз.

Акрамя таго, ЕК мае намер "вывучыць магчымасць аднаўлення энергетычных перамоў у трохбаковым фармаце ў верасні, каб знайсці рашэнне па газавай спрэчцы". "Нарэшце, абмеркаваць у шырэйшым кантэксце палітычную сітуацыю і бяспеку і нагадаць пра занепакоенасць ЕС сітуацыяй з бяспекай і гуманітарным становішчам, асабліва на ўсходзе Украіны", — заявіла прадстаўнік ЕК.

Х`юз таксама адзначыла, што Еўракамісія атрымала запрашэнне на сустрэчу ў Мінску ад прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна, яе ўдзел таксама падтрымаў украінскі прэзідэнт Пётр Парашэнка. Пры гэтым афіцыйны прадстаўнік ЕК сышла ад адказу на пытанне, ці не патрабавалася Еўракамісіі запрашэнне ад прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Арцём Шрайбман, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН