Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/08/21/721706_721707/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 15:38
21.08.2014 19:58 Палітыка, Эканоміка, Грамадства

Прэзідэнт Украіны едзе ў Мінск дамаўляцца пра мір

Мінск, 21 жніўня. Пётр Парашэнка на сустрэчы ў Мінску мае намер дамаўляцца пра мір, паколькі "ўвесь свет стаміўся ад вайны", паведамляецца на сайце кіраўніка ўкраінскай дзяржавы.

"Украіна хоча міру", — заявіў Парашэнка падчас рабочай паездкі ў Нікалаеў. Прэзідэнт Украіны паведаміў, што 26 жніўня ён разам з "магутнай камандай" у складзе трох высокіх прадстаўнікоў ЕС едзе ў Мінск "гаварыць пра мір".

Парашэнка падкрэсліў, што на сустрэчы "закліча забраць баевікоў з Украіны". "Упэўнены, што нам гэта ўдасца", — сказаў ён.

Прэзідэнт Украіны адзначыў: "Для таго каб мець трывалыя пазіцыі на перамовах па міру, трэба быць моцнымі — мець адзінства народа, моцную краіну, моцную армію".

"Мы здольныя абараніць суверэнітэт, незалежнасць, тэрытарыяльную цэласнасць. Сёння мы змагаемся за незалежнасць Украіны. Мы з вамі абавязкова пераможам", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

У Мінску 26 жніўня адбудзецца сустрэча ў фармаце Мытны саюз — ЕС — Украіна. У ёй возьмуць удзел прэзідэнты краін "мытнай тройкі", прэзідэнт Украіны, а таксама вярхоўны прадстаўнік ЕС па пытаннях бяспекі і знешняй палітыцы Кэтрын Эштан, адказны за энергетыку віцэ-старшыня Еўракамісіі Гюнтэр Этынгер і камісар па гандлі Карл дэ Гухт.

Пра магчымасць правядзення ў Мінску перамоў прэзідэнтаў Беларусі, Казахстана, Расіі і Украіны Аляксандр Лукашэнка расказаў 14 жніўня падчас наведвання Бярозаўскай ДРЭС. Ён, у прыватнасці, заявіў: "Ёсць такая ідэя, паколькі ўзнікае шмат пытанняў". Пытанні гэтыя, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, звязаны з падпісаннем Украінай пагаднення аб асацыяцыі з ЕС, а таксама з увядзеннем Расіяй забароны на пастаўкі некаторых тавараў у Расійскую Федэрацыю. "Нам было б вельмі важна ў Мытным саюзе абмеркаваць гэту другую праблему", — падкрэсліў Лукашэнка.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН