Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/08/24/722084_722085/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 15:31
24.08.2014 16:04 Палітыка

Экс-пасол Украіны ў ЗША: Галоўнае для Пуціна — прычапіць Украіну да Еўразійскага саюза

Мінск, 24 жніўня. Уладзімір Пуцін імкнецца "прычапіць Украіну" да Еўразійскага эканамічнага саюза Расіі, Беларусі і Казахстана, які павінен запрацаваць з 1 студзеня 2015 года. Такое меркаванне выказаў у каментары ўкраінскаму аналітычнаму парталу "Главком" былы пасол Украіны ў ЗША Юрый Шчарбак.

На яго думку, на мінскай VIP-сустрэчы ў фармаце Мытны саюз — ЕС — Украіна галоўнымі пытаннямі будуць не федэралізацыя Украіны і не статус рускай мовы. "Думаю, што аб гэтым няма чаго гаварыць. Магчыма, будуць гучаць нейкія агульныя патрабаванні — а яны ўсім вядомыя, гэта, перш за ўсё, дэцэнтралізацыя ўлады. Украіна пацвердзіць, што яна на гэта гатова", — прагназуе дыпламат.

"Але галоўная праблема для Пуціна цяпер — гэта прычапіць Украіну любым спосабам да новага саюза. Яму вельмі важна прымусіць Украіну даць абавязацельства не ўваходзіць у НАТА і заставацца нейтральнай краінай", — мяркуе Шчарбак. Пры гэтым ён перакананы: Пуцін "у любым выпадку не спыніць намаганняў для знішчэння Украіны".

Перамовы ў Мінску, нагадаем, запланаваны на 26 жніўня. Мяркуецца, што ў іх возьмуць удзел лідары краіны "мытнай тройкі" Уладзімір Пуцін, Аляксандр Лукашэнка, Нурсултан Назарбаеў, прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка, а таксама вярхоўны прадстаўнік ЕС па пытаннях бяспекі і знешняй палітыцы Кэтрын Эштан, адказны за энергетыку віцэ-старшыня Еўракамісіі Гюнтэр Этынгер і камісар па гандлі Карэл да Гюхт.

Пётр Парашэнка 21 жніўня заявіў, што паедзе ў Мінск дамаўляцца аб міры, бо "ўвесь свет стаміўся ад вайны". Паводле слоў украінскага лідара, на перамовах ён "заклікае забраць баевікоў з Украіны". "Упэўнены, што нам гэта ўдасца", — сказаў Парашэнка.

Між тым Аляксандр Лукашэнка раней тлумачыў неабходнасць такой сустрэчы тым, што ўзнікае "маса пытанняў", перш за ўсё у сувязі з падпісаннем Украінай пагаднення аб асацыяцыі з ЕС. "Мы вельмі насцярожаныя гэтым і баімся, каб тавары з Еўрасаюза па нулявой пошліне праз Украіну не пайшлі ў Беларусь, Расію і Казахстан і не задушылі нашы эканомікі. Гэта натуральна, гэта апасенні любой дзяржавы, таму мы за гэта вельмі перажываем", — заявіў Лукашэнка 16 жніўня падчас наведвання Бярозаўскай ДРЭС.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН