Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/08/24/eu_eu_722063_722064/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 15:40
24.08.2014 13:09 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

Меркель разлічвае на поспех перамоў па Украіне ў Мінску

Берлін, 24 жніўня. Ангела Меркель разлічвае на поспех перамоў па Украіне, якія запланаваныя на 26 жніўня ў Мінску. Аб гэтым канцлер Германіі заявіла ў Кіеве па выніках перамоў з украінскім прэзідэнтам Пятром Парашэнкам.

"Я акажу ўсялякую падтрымку, калі ў Мінску будуць размаўляць адзін з адным і спрабаваць усё ж зрабіць крок наперад", — сказала Меркель, словы якой прыводзіць сайт нямецкага ўрада (пераклад БелаПАН).

Канцлер адзначыла, што камбінацыя з "кантактнай групы і прамых перамоў прэзідэнтаў" можа "даць шанс дабіцца прагрэсу". "У любым выпадку Еўропа і Германія разам з украінскім прэзідэнтам і ўрадам зробяць усё магчымае, каб знайсці дыпламатычнае рашэнне драмы многіх і многіх людзей, у тым ліку загінулых, але, зразумела, рашэнне, прымальнае для ўсіх бакоў і ў аснове якога будзе ляжаць гарантыя тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны", — падкрэсліла Меркель.

Паводле слоў Пятра Парашэнкі, Украіна і ЕС дзейнічаюць у цесным кантакце і так будзе падчас мінскай сустрэчы. "Гэта ўнікальны выпадак, калі такая прадстаўнічая дэлегацыя ЕС разам з Украінай возьме ўдзел у перамовах такога высокага ўзроўню. Мы вельмі спадзяемся на пазітыўны вынік", — сказаў украінскі кіраўнік.

Як паведамлялася раней, у Мінску 26 жніўня адбудзецца сустрэча ў фармаце Мытны саюз — ЕС — Украіна. У ёй возьмуць удзел лідары краін "мытнай тройкі", прэзідэнт Украіны, а таксама вярхоўны прадстаўнік ЕС па пытаннях бяспекі і знешняй палітыцы Кэтрын Эштан, адказны за энергетыку віцэ-старшыня Еўракамісіі Гюнтэр Этынгер і камісар па гандлі Карэл дэ Гюхт.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН