Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/08/24/eu_eu_722105_722106/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 16:24
24.08.2014 17:27 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

Эштан: Сустрэча ў Мінску — магчымасць, якую нельга прапусціць

Мінск, 24 жніўня. "Я не буду шмат гаварыць пра сустрэчу ў Мінску, але гэта — магчымасць, якую нельга прапусціць", — заявіла вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешніх справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан 24 жніўня на Еўрапейскім палітычным форуме ў Альпбаху (Аўстрыя).
Эштан таксама лічыць, што Украіне неабходна выбудоўваць добрыя адносіны як з краінамі Еўрасаюза, так і з Расіяй. "Гэта ваша краіна (Украіна. — БелаПАН.), і вы прымаеце рашэнні, выбіраеце сваю будучыню. Вы выбралі свайго прэзідэнта і шлях, па якім ісці наперад. Вам патрэбныя добрыя адносіны з еўрапейскімі суседзямі і з Расіяй", — цытуе вярхоўнага прадстаўніка ЕС агенцтва ИТАР-ТАСС.

Нагадаем, 26 жніўня ў Мінску плануецца сустрэча ў фармаце Мытны саюз — ЕС — Украіна з удзелам прэзідэнтаў Уладзіміра Пуціна, Пятра Парашэнкі, Аляксандра Лукашэнкі, Нурсултана Назарбаева, Кэтрын Эштан, а таксама адказнага за энергетыку віцэ-старшыні Еўракамісіі Гюнтэра Этынгера і еўракамісара па гандлі Карэла дэ Гюхта.

21 жніўня Пётр Парашэнка заявіў, што едзе ў Мінск дамаўляцца аб міры, бо "ўвесь свет стаміўся ад вайны". Паводле слоў Парашэнкі, на мінскай сустрэчы ён "заклікае забраць баевікоў з Украіны". "Упэўнены, што нам гэта ўдасца", — сказаў украінскі лідар.

23 жніўня, сустракаючыся ў Кіеве з канцлерам Германіі Ангелай Меркель, Парашэнка заявіў, што Украіна і ЕС дзейнічаюць у цесным кантакце, і так будзе падчас перамоў у Мінску. "Гэта ўнікальны выпадак, калі такая прадстаўнічая дэлегацыя ЕС разам з Украінай возьме ўдзел у перамовах такога высокага ўзроўню. Мы вельмі спадзяемся на пазітыўны вынік", — сказаў прэзідэнт Украіны.

Ангела Меркель у адказ адзначыла, што разлічвае на поспех перамоў у Мінску. "Я акажу ўсялякую падтрымку, калі ў Мінску будуць размаўляць адзін з адным і спрабаваць усё ж зрабіць крок наперад", — заявіла канцлер Германіі. Яна лічыць, што "камбінацыя з кантактнай групы (пасяджэнне кантактнай групы ў фармаце Украіна — Расія — АБСЕ па сітуацыі ва Украіне адбылося ў Мінску 31 ліпеня. — БелаПАН.) і прамых перамоў прэзідэнтаў можа даць шанс дабіцца прагрэсу". "У любым выпадку, Еўропа і Германія разам з украінскім прэзідэнтам і ўрадам зробяць усё магчымае, каб знайсці дыпламатычнае рашэнне драмы многіх і многіх людзей, у тым ліку загінулых. Але, зразумела, рашэнне, прымальнае для ўсіх бакоў і ў аснове якога будзе ляжаць гарантыя тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны", — падкрэсліла Ангела Меркель.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН