Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/08/25/722183_722188/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 16:28
25.08.2014 12:45 Палітыка

Расія выступае за гарманізацыю адносінаў паміж МС, Украінай і Еўрасаюзам, заяўляе кіраўнік МЗС РФ Лаўроў

Мінск, 25 жніўня. Расія выступае за гарманізацыю адносінаў паміж Мытным саюзам, Украінай і Еўрапейскім саюзам, і магчымасць дамаўляцца аб гэтым ёсць. Пра гэта, як паведамляе РІА Новости, заявіў міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў 25 жніўня на брыфінгу ў Маскве.

"Мы за тое, каб шукаць шляхі гарманізацыі адносін Украіны і з Мытным саюзам, і з зонай свабоднага гандлю СНД, і з Еўрапейскім саюзам у сферы эканомікі, — сказаў ён. — Перакананы, што пры наяўнасці добрай волі, пры наяўнасці жадання кіравацца нормамі СГА і іншымі нормамі міжнароднага права, якія вынікаюць з падпісаных і дзейных пагадненняў, можна дамаўляцца па ўсіх гэтых пытаннях".

Нагадаем, 26 жніўня ў Мінску плануецца сустрэча ў фармаце Мытны саюз — ЕС — Украіна з удзелам прэзідэнтаў Уладзіміра Пуціна, Пятра Парашэнкі, Аляксандра Лукашэнкі, Нурсултана Назарбаева, вярхоўнага прадстаўніка ЕС Кэтрын Эштан, а таксама еўракамісара па энергетыцы Гюнтара Этынгера і еўракамісара па гандлі Карэла дэ Гюхта.

21 жніўня Пётр Парашэнка заявіў, што едзе ў Мінск дамаўляцца пра мір, паколькі "ўвесь свет стаміўся ад вайны". Паводле слоў Парашэнкі, на мінскай сустрэчы ён "закліча забраць баевікоў з Украіны". "Упэўнены, што гэта атрымаецца", — сказаў украінскі лідар.

23 жніўня, сустракаючыся ў Кіеве з канцлерам Германіі Ангелай Меркель, Парашэнка заявіў, што Украіна і ЕС дзейнічаюць у цесным кантакце і так будзе падчас перамоў у Мінску. "Гэта ўнікальны выпадак, калі такая прадстаўнічая дэлегацыя ЕС разам з Украінай возьме ўдзел у перамовах такога высокага ўзроўню. Мы вельмі спадзяемся на пазітыўны вынік", — сказаў прэзідэнт Украіны.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН