Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/08/25/722186_722193/
Дата раздрукоўкі: 14.10.2019 01:42
25.08.2014 12:22 Палітыка

Лаўроў: Масква гатова працаваць у любым фармаце, каб дамагчыся ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне

Мінск, 25 жніўня. Масква гатова працаваць у любым фармаце, каб дамагчыся ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне, заявіў міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў 25 жніўня на брыфінгу ў Маскве.

"Мы гатовы да любога фармату, толькі б быў вынік, — цытуе Лаўрова агенцтва ИТАР-ТАСС. — Абы пачалі рухацца ад ваеннага супрацьстаяння да грамадзянскага дыялогу, да фарміравання нацыянальнага адзінства, пра якое гаварылася ў пагадненні ад 21 лютага (пагадненне, падпісанае паміж экс-прэзідэнтам Украіны Віктарам Януковічам, украінскай апазіцыяй і прадстаўнікамі ЕС, пасля падпісання якога Януковіч збег з краіны. — БелаПАН.)".

"Мы гатовыя да працы ў любых фарматах, у рамках Нармандскай "чацвёркі", Жэнеўскай "чацвёркі". Галоўнае — каб форма не падмяняла зместу", — падкрэсліў кіраўнік расійскага МЗС.

"Мы гатовы працаваць у любым складзе, дапамагаць украінцам знаходзіць дамоўленасці паміж сабой, узгадняць параметры неабходныя, каб яны жылі ў адной дзяржаве пры павазе ўсіх меншасцяў, рэгіёнаў, — дадаў Лаўроў. — Пытанне аб тым, як дэцэнтралізаваць паўнамоцтвы, якімі кампетэнцыямі будуць валодаць рэгіёны, — усё гэта павінна быць прадметам перамоў і ўзаемнай згоды".

Расійскі міністр падкрэсліў неабходнасць спынення агню ва Украіне без папярэдніх умоў. Ён таксама адзначыў, што Масква разлічвае на выкананне Жэнеўскіх дамоўленасцяў па Украіне.

"Разлічваем, што на заўтрашняй сустрэчы ў Мінску будуць закрануты ўсе праблемы, у тым ліку гуманітарнага крызісу, абмяняюцца меркаваннямі аб перспектывах урэгулявання крызісу на Украіне", — сказаў Лаўроў.

Паводле яго слоў, "усе ўдзельнікі сыходзяцца ў меркаванні аб тым, што неабходна пачаць палітычны дыялог". "Мінскі фармат — не адзіны, які можна задзейнічаць. Згадваецца і жэнеўскі фармат(ЕС, ЗША, Расія і Украіна), аб гэтым гаварыў і Яцанюк (прэм`ер-міністр Украіны Арсеній Яцанюк. — БелаПАН.) на сустрэчы з упаўнаважаным прэзідэнта Украіны па пытаннях мірнага ўрэгулявання сітуацыі на ўсходзе Ірынай Герашчанкай. Яны заяўлялі, што для іх жэнеўскі фармат з`яўляецца аптымальным".

На пытанне пра магчымасць двухбаковай сустрэчы ў Мінску прэзідэнтаў РФ і Украіны Уладзіміра Пуціна і Пятра Парашэнкі Лаўроў адказаў: у Мінску плануецца шэраг двухбаковых сустрэч, але аб тым, хто і з кім будзе сустракацца, будзе абвешчана дадаткова.

Нагадаем, 26 жніўня ў Мінску плануецца сустрэча ў фармаце Мытны саюз — ЕС — Украіна з удзелам прэзідэнтаў Уладзіміра Пуціна, Пятра Парашэнкі, Аляксандра Лукашэнкі, Нурсултана Назарбаева, Кэтрын Эштан, а таксама адказнага за энергетыку віцэ-старшыні Еўракамісіі Гюнтара Этынгера і еўракамісара па гандлі Карэла дэ Гюхта.

21 жніўня Пётр Парашэнка заявіў, што едзе ў Мінск дамаўляцца пра мір, паколькі "ўвесь свет стаміўся ад вайны". Паводле слоў Парашэнкі, на мінскай сустрэчы ён "закліча забраць баевікоў з Украіны". "Упэўнены, што гэта атрымаецца", — сказаў украінскі лідар.

23 жніўня, сустракаючыся ў Кіеве з канцлерам Германіі Ангелай Меркель, Парашэнка заявіў, што Украіна і ЕС дзейнічаюць у цесным кантакце, і так будзе падчас перамоў у Мінску. "Гэта ўнікальны выпадак, калі такая прадстаўнічая дэлегацыя ЕС разам з Украінай возьме ўдзел у перамовах такога высокага ўзроўню. Мы вельмі спадзяемся на пазітыўны вынік", — сказаў прэзідэнт Украіны.

Кэтрын Эштан, выступючы 24 жніўня на Еўрапейскім палітычным форуме ў Альпбаху (Аўстрыя), заявіла, што сустрэча ў Мінску — гэта "магчымасць, якую нельга ўпусціць". Украіне неабходна выбудоўваць добрыя адносіны як з краінамі Еўрасаюза, так і з Расіяй, дадала кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН