Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/08/25/722221_722224/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 16:10
25.08.2014 14:12 Палітыка

Прэс-сакратар прэзідэнта РФ: На магчымай сустрэчы Пуціна і Парашэнкі будуць абмяркоўвацца крызіс ва Украіне, гуманітарная дапамога і двухбаковыя адносіны

Мінск, 25 жніўня. На магчымай сустрэчы прэзідэнтаў Расіі і Украіны Уладзіміра Пуціна і Пятра Парашэнкі ў межах перамоў у Мінску будуць абмяркоўвацца ўкраінскі крызіс, гуманітарная дапамога, патокі бежанцаў і двухбаковыя адносіны ў сувязі з падпісаннем дагавора аб асацыяцыі Украіны і ЕС, паведаміў агенцтву РІА Новости прэс-сакратар расійскага кіраўніка Дзмітрый Пяскоў.

"Мы не выключаем, што такая сустрэча можа адбыцца", — сказаў Пяскоў. На пытанне, што Масква хацела б абмеркаваць з Кіевам, прэс-сакратар адказаў: гаворка пойдзе пра ўнутрыўкраінскі крызіс, пытанні, звязаныя з гуманітарнай дапамогай, "каб пазбегнуць сітуацыі з неапраўданымі затрымкамі". "Гэта гуманітарная катастрофа, у цэлым, якая цяпер адбываецца на ўсходзе Украіны, патокі бежанцаў", — пералічыў Пяскоў магчымыя тэмы.

26 жніўня ў Мінску плануецца сустрэча ў фармаце Мытны саюз — ЕС — Украіна з удзелам прэзідэнтаў Уладзіміра Пуціна, Пятра Парашэнкі, Аляксандра Лукашэнкі, Нурсултана Назарбаева, вярхоўнага прадстаўніка ЕС па знешніх справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, а таксама адказнага за энергетыку віцэ-старшыні Еўракамісіі Гюнтэра Этынгера і еўракамісара па гандлі Карэла дэ Гюхта. 

21 жніўня Парашэнка заявіў, што едзе ў Мінск дамаўляцца пра мір, бо "ўвесь свет стаміўся ад вайны". Паводле яго слоў, на мінскай сустрэчы ён "закліча забраць баевікоў з Украіны". "Упэўнены, што гэта атрымаецца", — сказаў украінскі лідар.

23 жніўня Парашэнка, сустракаючыся ў Кіеве з канцлерам Германіі Ангелай Меркель, заявіў, што Украіна і ЕС дзейнічаюць у цесным кантакце і так будзе падчас перамоў у Мінску. "Гэта ўнікальны выпадак, калі такая прадстаўнічая дэлегацыя ЕС разам з Украінай возьме ўдзел у перамовах такога высокага ўзроўню. Мы вельмі спадзяемся на пазітыўны вынік", — сказаў прэзідэнт Украіны. 

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН