Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/08/25/722251_722258/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2019 00:58
25.08.2014 16:22 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

Першым на заўтрашнюю VIP-сустрэчу ў Мінск плануе прыбыць Пётр Парашэнка, апошнім — Уладзімір Пуцін

Мінск, 25 жніўня. Першым на заўтрашнюю сустрэчу ў фармаце Мытны саюз — Украіна — ЕС плануе прыбыць прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка.

Як вынікае з папярэдняга графіка прылёту 26 жніўня ў Мінск удзельнікаў перамоў, які апублікаваны на сайце Міністэрства замежных спраў Беларусі, прыбыццё Парашэнкі ў нацыянальны аэрапорт Мінск чакаецца ў 11.15.

У 11.30 павінны прыляцець вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан і еўракамісар па гандлі Карэл дэ Гюхт.

Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў прыляціць у Мінск у 12.00.

У 13.15 чакаецца прыбыццё еўракамісара па энергетыцы Гюнтара Германа Этынгера.

Апошнім, арыенціровачна ў 13.20, прыляціць прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін.

Нагадаем, 26 жніўня ў Мінску плануецца сустрэча ў фармаце Мытны саюз — ЕС — Украіна з удзелам прэзідэнтаў Уладзіміра Пуціна, Пятра Парашэнкі, Аляксандра Лукашэнкі, Нурсултана Назарбаева, вярхоўнага прадстаўніка ЕС па знешніх справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, а таксама адказнага за энергетыку віцэ-старшыні Еўракамісіі Гюнтара Этынгера і еўракамісара па гандлі Карэла дэ Гюхта.

Саміт пройдзе ў Палацы Незалежнасці. Дакладная праграма сустрэч пакуль не паведамляецца.

Раней Пётр Парашэнка заяўляў, што едзе ў Мінск дамаўляцца аб міры, бо "ўвесь свет стаміўся ад вайны". Паводле яго слоў, на мінскай сустрэчы ён "закліча забраць баевікоў з Украіны". "Упэўнены, што гэта ўдасца", — сказаў украінскі лідар. 23 жніўня Парашэнка, сустракаючыся ў Кіеве з канцлерам Германіі Ангелай Меркель, заявіў, што Украіна і ЕС дзейнічаюць у цесным кантакце і так будзе падчас перамоў у Мінску. "Гэта ўнікальны выпадак, калі такая прадстаўнічая дэлегацыя ЕС разам з Украінай возьме ўдзел у перамовах такога высокага ўзроўню. Мы вельмі спадзяёмся на пазітыўны вынік", — сказаў прэзідэнт Украіны.

25 жніўня прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў паведаміў РІА Новости, што ў Мінску магчымая двухбаковая сустрэча Уладзіміра Пуціна з Пятром Парашэнкам, на якой будуць абмяркоўвацца ўкраінскі крызіс, гуманітарная дапамога, патокі бежанцаў і двухбаковыя адносіны ў сувязі з падпісаннем дагавора аб асацыяцыі Украіны і ЕС. "Мы не выключаем, што такая сустрэча можа адбыцца", — падкрэсліў Пяскоў.

На пытанне, што Масква хацела б абмеркаваць з Кіевам, прэс-сакратар адказаў: гаворка пойдзе пра ўнутрыўкраінскі крызіс, пытанні, звязаныя з гуманітарнай дапамогай, "каб пазбегнуць сітуацыі з неапраўданымі затрымкамі". "Гэта гуманітарная катастрофа, у цэлым, якая цяпер адбываецца на ўсходзе Украіны, патокі бежанцаў", — пералічыў Пяскоў магчымыя тэмы двухбаковых перамоў.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН