Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/08/25/eu_eu_722208_722212/
Дата раздрукоўкі: 19.09.2019 16:04
25.08.2014 13:52 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

Лаўроў: Масква спадзяецца, што ЕС прывязе ў Мінск прапановы па ўздзеянні на Украіну

Мінск, 25 жніўня. Масква спадзяецца, што Еўрасаюз прывязе ў Мінск прапановы па ўздзеянні на Украіну, заявіў міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў 25 жніўня на брыфінгу ў Маскве.

"Спадзяюся вельмі, што нашы заходнія калегі і на мінскай сустрэчы, і падчас магчымых сустрэч у іншых фарматах (няхай гэта будзе нармандскі, няхай гэта будзе жэнеўскі) усё ж будуць на іх прыязджаць не проста з чаканнямі, што мы магічным чынам за іх усё вырашым — так не атрымаецца, а будуць прыязджаць падрыхтаванымі для таго, каб уздзейнічаць на ўкраінскі бок у плане ўсведамлення ім адказнасці за сваю краіну і ў плане разумення таго, што гэта не барацьба за Украіну супраць Расіі, а барацьба за Украіну як за дзяржаву, у якой усім камфортна жыць", — заявіў Лаўроў.

Нагадаем, 26 жніўня ў Мінску плануецца сустрэча ў фармаце Мытны саюз — ЕС — Украіна з удзелам прэзідэнтаў Уладзіміра Пуціна, Пятра Парашэнкі, Аляксандра Лукашэнкі, Нурсултана Назарбаева, Кэтрын Эштан, а таксама адказнага за энергетыку віцэ-старшыні Еўракамісіі Гюнтэра Этынгера і еўракамісара па гандлі Карэла дэ Гюхта.

21 жніўня Пётр Парашэнка заявіў, што едзе ў Мінск дамаўляцца пра мір, бо "ўвесь свет стаміўся ад вайны". Паводле яго слоў, на мінскай сустрэчы ён "закліча забраць баевікоў з Украіны". "Упэўнены, што гэта атрымаецца", — сказаў украінскі лідар.

23 жніўня Парашэнка, сустракаючыся ў Кіеве з канцлерам Германіі Ангелай Меркель, заявіў, што Украіна і ЕС дзейнічаюць у цесным кантакце і так будзе падчас перамоў у Мінску. "Гэта ўнікальны выпадак, калі такая прадстаўнічая дэлегацыя ЕС разам з Украінай возьме ўдзел у перамовах такога высокага ўзроўню. Мы вельмі спадзяемся на пазітыўны вынік", — сказаў прэзідэнт Украіны.

Кэтрын Эштан, выступючы 24 жніўня на Еўрапейскім палітычным форуме ў Альпбаху (Аўстрыя), заявіла, што сустрэча ў Мінску — гэта "магчымасць, якую нельга ўпусціць". Украіне неабходна выбудоўваць добрыя адносіны як з краінамі Еўрасаюза, так і з Расіяй, дадала кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН