Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/08/26/722424_722425/
Дата раздрукоўкі: 20.09.2019 21:12
26.08.2014 11:28 Палітыка

У Мінск прыбыў прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка

Мінск, 26 жніўня. У Мінск для ўдзелу ў саміце Мытны саюз — Украіна — Еўрасаюз прыбыў украінскі прэзідэнт Пётр Парашэнка.

Парашэнка стаў першым удзельнікам сённяшняй сустрэчы, які прыбыў у сталіцу Беларусі. У нацыянальным аэрапорце Мінск яго сустракалі пасол Украіны ў Беларусі Міхаіл Ежаль і віцэ-прэм'ер Беларусі Міхаіл Русы.

У 11.30 павінен прызямліцца самалёт з вярхоўным прадстаўніком ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан і еўракамісарам па гандлі Карэлам дэ Гюхтам. Плануецца, што з аэрапорта яны адправяцца ў пасольства Украіны ў Мінску, дзе адбудуцца двухбаковыя перамовы Эштан з Парашэнкам.

Затым у Пятра Парашэнкі запланаваная двухбаковая сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам, паведаміў БелаПАН Міхаіл Ежаль.

Пытанне аб сустрэчы Парашэнкі з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным, які прыляціць у Мінск арыенціровачна ў 13.20, пакуль канчаткова не вырашанае.

21 жніўня ўкраінскі прэзідэнт заявіў, што едзе ў Мінск дамаўляцца пра мір і "закліча забраць баевікоў з Украіны". "Упэўнены, што гэта атрымаецца", — сказаў ён.

23 жніўня Парашэнка, сустракаючыся ў Кіеве з канцлерам ФРГ Ангелай Меркель, заявіў, што Украіна і ЕС дзейнічаюць у цесным кантакце і так будзе падчас перамоў у Мінску. "Гэта ўнікальны выпадак, калі такая прадстаўнічая дэлегацыя ЕС разам з Украінай возьме ўдзел у перамовах такога высокага ўзроўню. Мы вельмі спадзяемся на пазітыўны вынік", — сказаў Парашэнка.

Напярэдадні паездкі ў Беларусь прэзідэнт Украіны таксама пагутарыў па тэлефоне з канцлерам ФРГ. "Пётр Парашэнка і Ангела Меркель абмяняліся меркаваннямі адносна шляхоў мірнага ўрэгулявання сітуацыі на Данбасе напярэдадні мінскай сустрэчы ў фармаце Украіна — ЕС — "Еўразійская тройка" і скаардынавалі далейшыя дзеянні па працягу міжнароднага дыялогу", — паведаміла прэс-служба прэзідэнта Украіны.

Арцём Шрайбман, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН