Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/08/26/722477_722481/
Дата раздрукоўкі: 20.09.2019 21:11
26.08.2014 14:57 Палітыка

Парашэнка на мінскай сустрэчы з Эштан заявіў, што Украіна ратыфікуе пагадненне аб асацыяцыі з ЕС у верасні

Мінск, 26 жніўня. Пётр Парашэнка на сустрэчы з вярхоўным прадстаўніком Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан 26 жніўня ў Мінску заявіў, што Украіна ратыфікуе пагадненне аб асацыяцыі з Еўрасаюзам у верасні гэтага года, паведамляе афіцыйны сайт прэзідэнта Украіны.

Парашэнка пацвердзіў, што адразу ж пасля ратыфікацыі пагаднення ўсе неабходныя дакументы будуць накіраваныя ў Брусель. Ён таксама сказаў, што будучыя парламенцкія выбары ў краіне не стануць перашкодай для ратыфікацыі пагаднення аб асацыяцыі, і адзначыў, што "тэкст пагаднення застанецца нязменным" і гэты крок "будзе спрыяць укараненню сапраўдных рэформ ва Украіне".

"Наша інтэграцыя ў ЕС — гэта наш цывілізацыйны выбар, які ніякім чынам не скіраваны ні супраць каго. Наадварот, пагадненне станоўча паўплывае на адносіны з усімі нашымі суседзямі ў першую чаргу ў эканамічнай сферы. Мы зацікаўленыя ў тым, каб нашы міжнародныя партнёры ўспрынялі наша рашэнне", — цытуе прэс-служба ўкраінскага прэзідэнта.

Ён выказаў надзею, што саміт 26 жніўня ў Мінску будзе спрыяць "пошуку дыялогу, у тым ліку ў пытаннях эканамічнага супрацоўніцтва". Парашэнка дадаў, што падпісанне Украінай пагаднення аб асацыяцыі з ЕС не нясе для суседніх краін "рызык і страт" у эканамічнай сферы. "Мы зацікаўленыя ва ўзаемавыгадных эканамічных адносінах з усімі суседзямі і партнёрамі", — сказаў ён.

Парашэнка і Эштан таксама абмеркавалі сітуацыю на ўсходзе Украіны. Так, украінскі прэзідэнт падкрэсліў, што "ўсталяванне міру і імплементацыя ўсіх пунктаў мірнага плана" з'яўляецца яго ключавой мэтай. Ён расказаў суразмоўніцы пра "абвастрэнне сітуацыі на Данбасе, пра баявыя дзеянні, якія вядуць найміты супраць украінскай арміі і грамадзянскага насельніцтва", а таксама "пра факт затрымання дзесяці расійскіх ваеннаслужачых на тэрыторыі Украіны".

Кіраўнік украінскай дзяржавы нагадаў пра неабходнасць вызвалення заложнікаў, у прыватнасці лётчыцы Надзеі Саўчанкі, якая знаходзіцца ў расійскай турме. Ён заклікаў увесь свет падтрымаць Украіну ў яе імкненні стварыць "эфектыўную сістэму кантролю над мяжой з РФ, каб выключыць магчымасць пранікнення праз мяжу зброі, ваеннай тэхнікі і наймітаў". "Тады канфлікт будзе вырашаны праз кароткі час", — заявіў Парашэнка.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН