Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/08/26/722478_722479/
Дата раздрукоўкі: 20.09.2019 21:47
26.08.2014 14:41 Палітыка

У Мінску Пётр Парашэнка спадзяецца дамовіцца пра мір ва Украіне

Мінск, 26 жніўня. Украінскі прэзідэнт Пётр Парашэнка спадзяецца, што вынікам сённяшняй сустрэчы ў Мінску стане дасягненне дамоўленасці аб ўсталяванні міру ва Украіне. Аб гэтым ён заявіў перад двухбаковай сустрэчай з Аляксандрам Лукашэнкам.

"Я шчыра спадзяюся, што вынікам сённяшняй сустрэчы (я лічу, яна будзе не адзінай, а толькі першай) будзе мір, калі мы сёння дасягнем пагаднення, якое дазволіць прынесці мір на зямлю Украіны. Лічу, гэта будзе знакавай падзеяй і ў двухбаковых адносінах", — цытуе Парашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Паводле слоў украінскага лідара, сур'ёзных праблем у адносінах Мінска і Кіева не існуе, усе пытанні вырашаюцца. Пётр Парашэнка адзначыў важную ролю, якую Аляксандр Лукашэнка і Беларусь пачынаюць іграць у мірным урэгуляванні сітуацыі ва Украіне.

Прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што мэтай сённяшняй сустрэчы з'яўляецца абмеркаванне пытанняў, звязаных з зонай свабоднага гандлю Украіны з ЕС і пытання выбудоўвання гандлёва-эканамічных адносін Украіны з Мытным саюзам.

"Аднак ключавая пазіцыя, якую сёння шукае Украіна, — гэта мір, мір, які спыніць пакуты людзей. І мы з вамі сёння разумеем, што акрамя гандлёва-эканамічных, энергетычных пытанняў прыярытэтам на сустрэчы ў Мінску будзе пытанне міру. І я думаю, што не выпадкова ўпершыню мы з вамі сабралі ўнікальны па складзе фармат для перамоў. Гэта і высокія прадстаўнікі Еўрасаюза, і лідары Мытнага саюза, якія могуць абмеркаваць безумоўныя выгады ад пабудовы падобнай мадэлі", — заявіў Парашэнка.

"Не выпадкова, што ўсё гэта адбываецца на беларускай зямлі, — дадаў прэзідэнт Украіны. — Мне вельмі прыемна, што Мінск стаў цэнтрам перамоў у такім фармаце. Гэта падкрэслівае значнасць Беларусі".

Лукашэнка, у сваю чаргу, падкрэсліў, што Беларусь зацікаўлена ў нармалізацыі становішча ва Украіне.

Ён нагадаў, што Парашэнка не аднойчы наведваў Беларусь, працуючы на ранейшых пасадах. "Ужо пасля абрання вас прэзідэнтам у нас адбыўся кароткі дыялог, але прынцыповы і вельмі важны. І я пра гэта сёння скажу, таму што занадта шмат гавораць пра сустрэчу і аб тым, што хтосьці сабе піяр-кампанію стварае", — сказаў Лукашэнка.

"Гэта была ваша прапанова — сабрацца без усякай там навалы, без бухты-барахты прымаць рашэнні пасля заключэння пагаднення аб асацыяцыі Украіны з ЕС, разабрацца ў сітуацыі, якая на той момант складалася ў эканоміцы, — падкрэсліў Лукашэнка. — Вось і ўвесь піяр. Гэта была прапанова прэзідэнта Украіны, вы мяне папрасілі давесці гэта да маіх калегаў. Я быў выканаўцам. Я ўсё зрабіў для таго, каб давесці да іх ваш пункт гледжання, і вось — адпаведная рэакцыя з боку членаў Мытнага саюза".

"Калі б не было вашай волі — і нават у апошнія дні мы пра гэта з вамі часта гаварылі па тэлефоне — не было б сёння гэтай сустрэчы. Гэта гаворыць аб тым, што Украіна вельмі зацікаўленая, каб на ўкраінскай зямлі, у цэнтры Еўропы была нармальная сітуацыя і становішча, а ў Беларусі тым больш у гэтым зацікаўленыя. Вы ведаеце нашу пазіцыю", — адзначыў беларускі кіраўнік.

Двухбаковая сустрэча Парашэнкі з Лукашэнкам праходзіць перад пасяджэннем саміта ў фармаце Мытны саюз — Украіна — ЕС.

Нагадаем, у сённяшнім саміце плануецца ўдзел Пятра Парашэнкі, Уладзіміра Пуціна, Нурсултана Назарбаева, Аляксандра Лукашэнкі, а таксама трох высокапастаўленых чыноўнікаў ЕС — вярхоўнага прадстаўніка Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, еўракамісара па гандлі Карэла дэ Гюхта і еўракамісара па энергетыцы Гюнтэра Германа Этынгера.

Галоўнае пытанне дня — ці адбудзецца ў межах перамоў двухбаковая сустрэча Пуціна з Парашэнкам. Напярэдадні прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў паведаміў, што такая сустрэча магчымая. Калі яна адбудзецца, то на ёй плануецца абмеркаваць украінскі крызіс, гуманітарную дапамогу, сітуацыю з бежанцамі з Украіны і двухбаковыя адносіны ў сувязі з падпісаннем дагавора аб асацыяцыі Украіны і ЕС, сказаў прэс-сакратар Пуціна.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН