У Мінск прыбыў Уладзімір Пуцін
Мінск, 26 жніўня. У Мінск для ўдзелу ў саміце Мытны саюз — Украіна — Еўрасаюз прыбыў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін.
Ён стаў апошнім удзельнікам перамоў у фармаце Мытны саюз — Украіна — ЕС, якія прыбылі ў Мінск.
Нагадаем, у сённяшнім саміце плануецца ўдзел Пятра Парашэнкі, Уладзіміра Пуціна, Нурсултана Назарбаева, Аляксандра Лукашэнкі, а таксама трох высокапастаўленых чыноўнікаў ЕС — вярхоўнага прадстаўніка Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, еўракамісара па гандлі Карэла дэ Гюхта і еўракамісара па энергетыцы Гюнтара Германа Этынгера.
Пётр Парашэнка спадзяецца, што вынікам сённяшняй сустрэчы ў Мінску стане дасягненне дамоўленасці аб усталяванні міру ва Украіне. Аб гэтым ён заявіў сёння на двухбаковай сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.
Парашэнка адзначыў, што мэтай сённяшняй сустрэчы з'яўляецца абмеркаванне пытанняў, звязаных з зонай свабоднага гандлю Украіны з ЕС і пытанні выбудоўвання гандлёва-эканамічных адносін Украіны з Мытным саюзам. "Аднак ключавая пазіцыя, якую сёння шукае Украіна, — гэта мір, мір, які спыніць пакуты людзей. І мы з вамі сёння разумеем, што акрамя гандлёва-эканамічных, энергетычных пытанняў прыярытэтам на сустрэчы ў Мінску будзе пытанне міру. І я думаю, што не выпадкова ўпершыню мы сабралі ўнікальны па складзе фармат для перамоў. Гэта і высокія прадстаўнікі Еўрасаюза, і лідары Мытнага саюза, якія могуць абмеркаваць безумоўныя выгады ад пабудовы падобнай мадэлі", — заявіў Парашэнка.
Дагэтуль невядома, ці адбудзецца ў межах мінскага саміту двухбаковая сустрэча Пуціна з Парашэнкам. 25 жніўня прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў паведаміў, што такая сустрэча магчымая. Калі яна адбудзецца, то на ёй плануецца абмеркаваць украінскі крызіс, гуманітарную дапамогу, сітуацыю з бежанцамі з Украіны і двухбаковыя адносіны ў сувязі з падпісаннем дагавора аб асацыяцыі Украіны і ЕС, сказаў прэс-сакратар Пуціна.