Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/08/26/722503_722505/
Дата раздрукоўкі: 20.09.2019 22:00
26.08.2014 15:16 Палітыка

Нурсултан Назарбаеў — Пятру Парашэнку: Далей кровапраліцце працягвацца не можа

Мінск, 26 жніўня. Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў разлічвае, што на перамовах у Мінску Расія і Украіна прыйдуць да кампрамісу. Пра гэта ён заявіў сёння на сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам у Мінску, паведамляе дзяржаўнае агенцтва БелТА.

"Галоўнае, каб вы прама, сам-насам, размаўлялі з Уладзімірам Пуціным. І для Расіі, і для Украіны настае час ісціны. Далей кровапраліцце працягвацца не можа", — сказаў прэзідэнт Казахстана.

Нурсултан Назарбаеў выказаў надзею, што перамовы ў Мінску будуць паспяховымі і два бакі знойдуць кампраміс. Паводле яго меркавання, калі такая сітуацыя будзе працягвацца далей, гэта не можа не прывесці да больш сур'ёзнага сутыкнення. Прэзідэнт Казахстана ўпэўнены, што неабходна знайсці кропкі сутыкнення, каб спыніць вайну. "Такая вялікая, добрая, багатая краіна знаходзіцца ў такім стане — балюча глядзець", — сказаў ён.

Назарбаеў падкрэсліў, што Казахстан гатовы аказаць Украіне гуманітарную дапамогу як нейтральная краіна.

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка адзначыў, што ўскладае вялікія надзеі на мінскія перамовы для ўсталявання міру. Паводле яго слоў, сёння таксама адбудзецца важная дыскусія па выбудоўванні мадэлі супрацоўніцтва з Мытным саюзам, якая дазволіць ліквідаваць перашкоды ў гандлі і пашырыць тавараабарот.

Арцём Шрайбман, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН