Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/08/26/722523_722524/
Дата раздрукоўкі: 20.09.2019 21:17
26.08.2014 15:49 Палітыка

У Мінску праходзяць перамовы ў фармаце Мытны саюз — Украіна — ЕС

Мінск, 26 жніўня. Сустрэча праходзіць у Палацы Незалежнасці. У перамовах удзельнічаюць прэзідэнты краін МС Аляксандр Лукашэнка, Уладзімір Пуцін, Нурсултан Назарбаеў, Украіны — Пётр Парашэнка, вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, а таксама еўракамісары па гандлі Карэл дэ Гюхт і па энергетыцы Гюнтэр Герман Этынгер.

Асноўная тэма перамоў — урэгуляванне сітуацыі ва Украіне.

Падчас двухбаковай сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам перад пачаткам саміта Пётр Парашэнка выказаў надзею на тое, што вынікам сённяшніх перамоў стане дасягненне дамоўленасці аб ўсталяванні міру ва Украіне.

Паводле яго слоў, мэтай сённяшняй сустрэчы з'яўляецца абмеркаванне пытанняў, звязаных з зонай свабоднага гандлю Украіны з ЕС і пытанні выбудоўвання гандлёва-эканамічных адносін Украіны з Мытным саюзам. "Аднак ключавая пазіцыя, якую сёння шукае Украіна, — гэта мір, мір, які спыніць пакуты людзей, — сказаў Парашэнка. — І мы з вамі сёння разумеем, што акрамя гандлёва-эканамічных, энергетычных пытанняў прыярытэтам на сустрэчы ў Мінску будзе пытанне міру. І я думаю, што не выпадкова ўпершыню мы з вамі сабралі ўнікальны па складзе фармат для перамоў. Гэта і высокія прадстаўнікі Еўрасаюза, і лідары Мытнага саюза, якія могуць абмеркаваць безумоўныя выгады ад пабудовы падобнай мадэлі".

"Я шчыра спадзяюся, што вынікам сённяшняй сустрэчы (я лічу, яна будзе не адзінай, а толькі першай) будзе мір, калі мы сёння дасягнем пагаднення, якое дазволіць прынесці мір на зямлю Украіны", — падкрэсліў украінскі прэзідэнт.

У сваю чаргу расійскі бок заявіў пра гатоўнасць працаваць у любым фармаце, каб дамагчыся ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне. "Мы гатовыя да любога фармату, абы быў вынік, абы пачалі рухацца ад ваеннага супрацьстаяння да грамадзянскага дыялогу, фарміравання нацыянальнага адзінства", — сказаў міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў 25 жніўня на брыфінгу ў Маскве.

Тым часам дагэтуль невядома, ці адбудзецца ў межах саміта двухбаковая сустрэча Пятра Парашэнкі з Уладзімірам Пуціным.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН