Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/08/26/722543_722547/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 12:03
26.08.2014 17:53 Палітыка

Лукашэнка заклікаў удзельнікаў саміта адкінуць палітычныя амбіцыі і падумаць пра лёс людзей

Мінск, 26 жніўня. Адкрываючы саміт у фармаце Мытны саюз — Еўрасаюз — Украіна 26 жніўня ў Мінску, Аляксандр Лукашэнка заклікаў бакі адкінуць палітычныя амбіцыі і падумаць пра лёс простых людзей.

Як паведамляе дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА, Лукашэнка са шкадаваннем зазначыў, што сёння "даводзіцца абмяркоўваць пытанні, якія, здавалася б, для Еўропы назаўсёды засталіся ў мінулым стагоддзі". "На ўсходзе Украіны не спыняецца ваенны канфлікт. Гінуць ні ў чым не вінаватыя мірныя людзі. Знішчаецца эканамічная інфраструктура багатай і працвітаючай раней краіны. Сотні тысяч бежанцаў вымушаны пакідаць родныя месцы. Цэлы рэгіён апынуўся на мяжы гуманітарнай катастрофы. Гэта не кадры гісторыі. Гэта нашая сённяшняя рэальнасць", — сказаў Лукашэнка, дадаўшы, што на гэтыя падзеі немагчыма глядзець абыякава.

Беларускі кіраўнік нагадаў, што ў дзень інаўгурацыі яго ўкраінскі калега Пётр Парашэнка прасіў не спяшацца з увядзеннем санкцый з боку Мытнага саюза адносна Украіны з-за яе намераў падпісаць пагадненне аб асацыяцыі з ЕС. Ён тады таксама папрасіў Лукашэнку давесці гэтую просьбу да прэзідэнтаў Расіі і Казахстана. Менавіта тады Парашэнка прапанаваў правесці сустрэчу на вышэйшым узроўні і абмеркаваць усе пытанні.

"Я выканаў яго просьбу. Я праінфармаваў сваіх калег-прэзідэнтаў пра гэтую размову, яе змест. Меркаванне прэзідэнтаў было аднадушным: збіраемся ў Мінску і прапаноўваем усім зацікаўленым узяць удзел у гэтай сустрэчы", — падкрэсліў Лукашэнка, звярнуўшы ўвагу на тое, што саміту папярэднічалі неаднаразовыя кансультацыі на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў, экспертаў, а таксама з чыноўнікамі ЕС.

Кіраўнік беларускай дзяржавы выказаў перакананне ў тым, што ніхто з удзельнікаў саміта "не хоча атрымаць выгаду з цяперашняй сітуацыі", бо "было б блюзнерствам так зрабіць".

"Нашы народы даверылі нам, прэзідэнтам, свае лёсы. А што мы павінны зрабіць у адказ на гэты давер? Замест фабрык і заводаў пакінуць руіны і пажарышчы, як гэта адбываецца цяпер? Асудзіць нашых людзей на слёзы і пакуты? Думаецца мне, удосталь намучыліся ў мінулым. Калі мы хочам, каб нас лічылі адказнымі палітыкамі, то мы павінны ўсвядоміць поўнасцю груз адказнасці перад нашымі народамі, адкінуць палітычныя амбіцыі, не шукаць нейкіх дывідэндаў, падумаць пра лёс звычайных, простых людзей, старых, дзяцей, якія плачуць, пакутуюць, і пра загінулых", — падсумаваў Лукашэнка.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН