Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/08/26/722550_722566/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 12:20
26.08.2014 18:39 Палітыка

Пуцін бачыць у пагадненні аб асацыяцыі Украіны з ЕС пагрозу для расійскай эканомікі

Мінск, 26 жніўня. Сукупны ўрон эканоміцы Расіі ад рэалізацыі пагаднення аб асацыяцыі Украіны з Еўрасаюзам можа скласці больш за 100 млрд. расійскіх рублёў. Аб гэтым заявіў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, выступаючы сёння ў Мінску на сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі, Казахстана, Расіі, Украіны і высокіх прадстаўнікоў ЕС, паведамляе дзяржаўнае агенцтва БелТА.

"На наш погляд, было б мэтазгодна не толькі захаваць, але і істотна нарасціць узаемадзеянне", — падкрэсліў ён. Разам з тым Пуцін засумняваўся ў магчымасці дабіцца гэтага, калі набудзе моц пагадненне аб асацыяцыі Украіны з ЕС. Расія неаднаразова адзначала, што прыняцце Кіевам усіх патрабаванняў, якія ўтрымліваюцца ў пагадненні, непазбежна адмоўна адаб'ецца на дынаміцы гандлёва-інвестыцыйнага супрацоўніцтва ў еўразійскім рэгіёне, падкрэсліў Пуцін.

Паводле яго слоў, з-за абнулення Украінай пошлін на імпарт з ЕС адбудзецца значны рост паставак еўрапейскх тавараў на ўкраінскі рынак — гаворка ідзе аб 98% таварнай наменклатуры.

"Па самых сціплых ацэнках, сукупны ўрон толькі эканоміцы Расіі можа скласці 100 млрд. расійскіх рублёў. Пад ударам апынуцца цэлыя сектары нашай прамысловасці і АПК", — падкрэсліў прэзідэнт Расіі. На яго думку, страты будуць таксама ў Беларусі і Казахстана.

Пуцін таксама лічыць, што "менш канкурэнтаздольная ўкраінская прадукцыя будзе выціскацца на рынак Мытнага саюза, у большай ступені на расійскі рынак". "Нельга скідваць з рахунку таксама рызыку супрацьзаконнага рээкспарту на агульны рынак Мытнага саюза прадукцыі краін ЕС пад выглядам украінскіх тавараў", — сказаў ён. Пры гэтым Пуцін падкрэсліў, што Расія ў гэтай сітуацыі не можа бяздзейнічаць.
Арцём Шрайбман, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН