Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2014/08/26/722614_722615/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 12:08
26.08.2014 20:09 Палітыка, Грамадства

Каля 100 акрэдытаваных журналістаў без тлумачэння прычын былі пазбаўлены магчымасці глядзець відэатрансляцыю перамоў у фармаце МС — Украіна — ЕС

Мінск, 26 жніўня. Каля 100 акрэдытаваных журналістаў без тлумачэння прычын былі пазбаўлены магчымасці глядзець відэатрансляцыю перамоў у фармаце Мытны саюз — Украіна — Еўрасаюз, якія праходзілі 26 жніўня ў Мінску.

Групу журналістаў, не дапушчаных у так званы "вузкі пул", які працаваў у Палацы Незалежнасці, дзе праходзіў саміт, сабралі ў прэс-цэнтры — ён арганізаваны ў будынку выставачнага павільёна "Белэкспа". Збор быў аб`яўлены на 9.15 раніцы, хаця прылёт першага ўдзельніка саміту — прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі — планаваўся толькі ў 11.20.

Арганізатары абяцалі, што ў прэс-цэнтры будзе весціся відэатрансляцыя перамоў і наступнай прэс-канферэнцыі. Аднак, калі ў Палацы Незалежнасці пачаўся саміт, журналістам аб`явілі, што трансляцыі не будзе. Супрацоўнікі прэс-цэнтра сцвярджаюць, што ім невядома аб прычынах адмены трансляцыі. "Нам толькі сказалі, што карцінкі не будзе", — сказаў адзін з іх.

Пазней стала вядома, што для журналістаў, якім дазволілі працаваць непасрэдна ў Палацы Незалежнасці, прамая трансляцыя вялася. Праз гадзіну пасля пачатку перамоў у прэс-цэнтры пачалі дэманстраваць запіс пасяджэння, аднак праз некалькі хвілін яе перапынілі, патлумачыўшы, што рыхтуюцца пачаць трансляцыю выніковай прэс-канферэнцыі.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН